Унікальную лабараторыю інавацыйных праектаў адкрылі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце

Уникальную лабораторию инновационных проектов открыли в Полоцком госуниверситете

У Полацкім дзяржаўным універсітэце адкрылі ўнікальную лабараторыю камп'ютарнага мадэлявання і хуткага прататыпавання, аналагаў якой няма на Віцебшчыне. Яна дазволіць не толькі інтэграваць інавацыйныя методыкі ў навукова-адукацыйны працэс, але і аказваць шырокі спектр паслуг у галіне 3D-друку і 3D-сканавання.

— Гэта сапраўды трэнд будучыні, інструмент навуковага мадэлявання самага высокага ўзроўню, — сказаў на ўрачыстым адкрыцці новага падраздзялення прарэктар ПДУ па навуковай рабоце Дзмітрый Глухоў.

Разам з маладымі вучонымі Анастасіяй Бандарчук і Марыяй Паддубнай ля вытокаў стварэння новага навукова-адукацыйнага цэнтра стаяў загадчык кафедры трубаправоднага транспарту, водазабеспячэння і гідраўлікі Уладзімір Ліпскі. Аўтарам ідэі ўдалося выступіць лакаматывам аб'яднання ўсіх службаў універсітэта, супрацоўнікі якіх прыклалі максімум намаганняў для выканання агульнай задачы. Але найважнейшым фактарам поспеху стала падтрымка ініцыятывы з боку кіраўніцтва ВНУ на чале з рэктарам Дзмітрыем Лазоўскім, які перакананы, што сучасныя тэхналогіі паслужаць далейшаму павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, у тым ліку аспірантаў.


Для

На вачах у прысутных быў ажыццёўлены працэс атрымання трохмернай мадэлі рэальнага аб'екта, які дэманстраваў магчымасці лабараторыі. Яе прататыпам стаў макет Петрапаўлаўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу — адна са студэнцкіх навучальных работ дзесяцігадовай даўніны. На выкананне такога ўзору архітэктарам патрэбна ад двух тыдняў да некалькіх месяцаў ручной працы. А сучасны 3D-сканер узнавіў аб'ёмны малюнак высокай якасці ўсяго за 15 секунд. Уражлівы стол дазволіў аўтаматычна атрымаць сканы з розных бакоў. Пасля іх аўтаматычнай зшыўкі на экране камп'ютара з'явілася жывая трохмерная працоўная мадэль, якую, ледзь адшліфаваўшы, адправілі для друку на кампактны 3D-прынтэр «Mojo» амерыканскай кампаніі «Stratasys».

— Імклівы рывок у развіцці камп'ютарных тэхналогій за апошнія гады не можа не выклікаць захаплення. З дапамогай 3D-друку дэталі абсталявання навучыліся вырабляць у космасе, — падзяліўся разважаннямі загадчык лабараторыі Арцём Цубанаў. — Наша ж лабараторыя дапаможа архітэктарам ствараць мадэлі з нулявым узроўнем адходаў, археолагам — вырабляць рэплікацыю выкапняў для іх вывучэння і рэстаўрацыі, музейным работнікам – дакладна аднаўляць формы састарэлых прадметаў і арганізоўваць віртуальныя экскурсіі.

Акрамя таго, у ПДУ змогуць вырабляць унікальныя дэталі складанай канфігурацыі на заказ у адзіным экзэмпляры. Паказальна, што невысокі кошт расходных матэрыялаў дазваляе трохмернаму друку паспяхова канкурыраваць з масавай вытворчасцю. З дапамогай сістэмы трохмернага сканіравання «RangeVision» магчыма таксама аказваць паслугі рэверс-інжынірынгу, кантролю якасці прадукцыі, архівавання, дызайнерскіх распрацовак.

Удзел Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў міжнародным праекце тэхнічнай дапамогі TEMPUS дазволіў стварыць пры лабараторыі навучальны камп'ютарны клас на 15 працоўных месцаў. Камп'ютары тут укамплектаваны высокапрадукцыйнымі працэсарамі і прафесійнымі графічнымі адаптарамі, што ў поўнай меры раскрывае магчымасці ўсталяванай на іх ліцэнзійнай універсальнай праграмнай сістэмы ANSYS. У цэлым у стварэнне міжвузаўскай лабараторыі было ўкладзена больш за мільярд рублёў з розных крыніц фінансавання.

Ларыса Малашаня. Фота аўтара. «Віцебскія весці».