Унікальную здраўніцу плануецца пабудаваць у Браслаўскім раёне

10 сакавіка, Мінск /Андрэй Асфура – БЕЛТА/. У Браслаўскім раёне плануецца пабудаваць санаторый паблізу унікальнай крыніцы бромнай вады. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур. Санаторый можа ў найбліжэйшай будучыні з'явіцца ў пасёлку Відзы, які вядомы сваімі серавадароднымі крыніцамі. Пару стагоддзяў таму наваколлі гэтага населенага пункта ўжо дзейнічала водалякарня, якая была створана прадстаўнікамі шляхецкага роду Мінейкаў. Пад наглядам спецыялістаў у ёй адначасова маглі папраўляць здароўе каля 50 пацыентаў. Праўда, пасля пажару ў 50-х гадах XIX стагоддзя ад водалякарні застаўся толькі падмурак. Пошукі мінеральных вод у наваколлі пасёлка Відзы пачаліся ў 2001 годзе. Акрамя серавадародных і бромных вод, каля пасёлка знойдзены розныя тыпы лячэбных гразяў. "У гэтым унікальным месцы створаны ўсе ўмовы для адкрыцця санаторыя", – перакананы Мікалай Мазур. Ён таксама адзначыў, што не так даўно была завершана рэканструкцыя знакавага для Беларусі санаторыя "Радон", размешчанага ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Адметную асаблівасць здраўніцы надаюць радыевыя воды і сапрапелевыя лячэбныя гразі возера Дзікае.-0-