Унікальныя архіўныя дакументы перадасць УКДБ у фонд Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці

27 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унікальныя аўтэнтычныя дакументы і копіі архіўных матэрыялаў, звязаных з вядомымі грамадскімі дзеячамі Прыдзвінскага краю канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, будуць перададзены абласным упраўленнем КДБ на захоўванне ў Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў кіраўнік архіўнага падраздзялення УКДБ Ігар Сядых. Перадача матэрыялаў пройдзе 28 мая на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі ў Дзяржaрхіве, прысвечанай 100-годдзю ўтварэння Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Усяго будзе перададзена каля 10 гістарычных дакументаў, выяўленых у працэсе навуковай распрацоўкі архіўных фондаў. Гэта асабістыя дакументы, копіі спыненых крымінальных спраў і іншыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці вядомых віцяблянаў. Яны будуць прадстаўляць цікавасць для шырокага кола даследчыкаў гісторыі Беларусі, падкрэсліў Ігар Сядых. Напрыклад, Мікалай Багародскі быў намеснікам дырэктара Віцебскага культурна-гістарычнага музея, краязнаўцам і адным са стваральнікаў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, Барыс Багародскі – членам Усерасійскага царкоўнага сабора, а вядомы лекар Фёдар Рыгоравіч – членам царкоўнай апекі пры Віцебскім кафедральным саборы. У тыя часы гэтыя людзі былі вядомы прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй, якая часта не супадала з напрамкамі рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Супрацоўнікі архіўнага падраздзялення УКДБ па Віцебскай вобласці пастаянна праводзяць работу па пошуку матэрыялаў, якія прадстаўляюць навуковую і гістарычную каштоўнасць, адзначыў Ігар Сядых. У далейшым архіўныя дакументы могуць стаць прадметам навуковых даследаванняў гісторыкаў, біёграфаў, краязнаўцаў, а таксама папоўніць экспазіцыі архіўных і музейных устаноў. Так, дзякуючы такім архіўным распрацоўкам фонд Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці папоўніўся матэрыяламі спыненай крымінальнай справы ў дачыненні да выдатнага грамадскага і палітычнага дзеяча, аднаго са стваральнікаў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі Уладзіміра Стукаліча. -0-