Унікальныя фотафакты гісторыі і культуры Беларусі прадстаўлены на выставе ў Віцебску
У Віцебскім мастацкім музеі 6 верасня адкрылася выстава работ вядомага беларускага фатографа Юрыя Іванова. Праект называецца "Паміж белым і чорным. Фотарэтраспектыва гісторыі Беларусі канца XX - пачатку XXI стагоддзяў".
Экспазіцыя складаецца з 230 здымкаў, аб'яднаных у 14 тэматычных блокаў. На многіх з іх Юрый Іваноў захаваў важныя гістарычныя падзеі і вядомых прадстаўнікоў гісторыі і культуры Беларусі. Здымкі датуюцца перыядам амаль у паўстагоддзя – пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя і да нашых дзён.
Сёння Юрый Іваноў працуе загадчыкам аддзела фотаілюстрацый газеты "Культура". Раней ён супрацоўнічаў з шэрагам вядомых СМІ: Агенцтвам друку "Навіны" (Масква), інфармацыйным агенцтвам БЕЛТА, выдавецтвам "Беларусь", РІА "Весці" і РІА "Навіны".
У 1990 годзе прыняў удзел у конкурсным праекце "Адзін дзень з жыцця СССР", які праводзіла выдавецтва "TIME-LIFE" (ЗША). Фотаздымак "Летучка", створаны для гэтага праекта, увайшоў у спіс лепшых фотаздымкаў свету перыяду 1980-1990 гадоў. У 1987 годзе па выніках міжнароднага конкурсу Іваноў увайшоў у лік 100 лепшых фатографаў свету.
Фотавыстава Ю.Іванова выклікала вялікую цікавасць сярод творчай інтэлігенцыі Віцебска. Вернісаж наведалі многія вядомыя літаратары і мастакі. Вядома, выставу мэтра палічылі сваім абавязкам наведаць некаторыя знакамітыя фатографы, а таксама фотажурналісты і фотааматары горада.