Унікальныя фотаздымкі Рэпіна будуць прадстаўлены на "Славянскім базары ў Віцебску"

Унікальныя фотаздымкі І.Рэпіна змогуць убачыць госці і ўдзельнікі XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея-сядзібы І.Я.Рэпіна "Здраўнёва" Аляксей Сухарукаў.

Прэзентацыя выставы будзе прымеркавана да адкрыцця форуму і праходзіць у маёнтку мастака. Экспазіцыя ўключае 28 унікальных чорна-белых фотаздымкаў, зробленых з арыгінальных негатываў, якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве кінафотафотадакументаў Санкт-Пецярбурга. Здымкі адносяцца да перыяду 1904-1914 гадоў. Большасць з іх зроблены "бацькам расійскага фотарэпартажу" Карлам Булам у "Пенатах". На іх Ілья Рэпін працуе ў сваёй майстэрні, знаходзіцца ў кампаніі не менш знакамітых гасцей: М.Горкага, В.Стасава, Ф.Шаляпіна, К.Чукоўскага і іншых асоб. На асобных фотаздымках майстар зафіксаваны з сям'ёй, у асяроддзі карцін, на адпачынку.

Калекцыя стала падарункам ад старшыні праўлення ААТ "Газпрам" Аляксея Мілера, які наведаў музей-сядзібу 19 мая ў апошні дзень правядзення заключнага тура пятага карпаратыўнага фестывалю "Факел" самадзейных творчых калектываў і выканаўцаў даччыных таварыстваў і арганізацый ААТ "Газпрам". "Дадзеныя фотаздымкі будуць спрыяць росквіту музея, прыцягваць сюды больш людзей, якія цікавяцца творчасцю знакамітага мастака", - выказаў тады глыбокую перакананасць Аляксей Мілер.

БЕЛТА