Унікальныя матэрыялы пра віцебскіх педагогаў Героях Савецкага Саюза прадстаўлены ў экспазіцыі "Вайна і Перамога".
7 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унікальныя матэрыялы аб працоўным і воінскім подзвігу 24 педагогаў Віцебскай вобласці, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза, прадстаўлены на выстаўцы "Вайна і Перамога", якую падрыхтавалі спецыялісты абласнога інстытута развіцця адукацыі да 65-годдзя Перамогі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла аўтар экспазіцыі, метадыст інстытута Тамара Марчык.
Экспазіцыя стала своеасаблівым творчым вынікам даследчай работы супрацоўнікаў інстытута па ўстанаўленні і вывучэнні лёсаў выкладчыкаў - ураджэнцаў Віцебшчыны, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У яе ўвайшлі больш за 26 тыс. дакументаў і матэрыялаў аб 24 педагогах, якія ў розныя гады працавалі ў навучальных установах вобласці, у тым ліку двое з іх поўныя кавалеры ордэна Славы. Гэта асабістыя рэчы, перададзеныя сваякамі герояў, матэрыялы, звязаныя з іх педагагічнай дзейнасцю, успаміны калег, вучняў, родных і блізкіх. "Нашай асноўнай задачай было не толькі аднавіць памяць аб педагогах-героях, але і прадставіць іх як спецыялістаў сваёй справы, якія многія пасляваенныя гады прысвяцілі сябе цяжкай працы настаўніка", - адзначыла Тамара Марчык.
У ходзе даследаванняў і падрыхтоўкі экспазіцыі вялікую дапамогу калектыву інстытута аказалі навучальныя ўстановы, з якімі была звязана працоўная біяграфія герояў. Больш таго, некаторыя школы актыўна ўключыліся ў работу па ўвекавечанні памяці сваіх былых спецыялістаў. Так, педагагічны калектыў сярэдняй школы №21 Віцебска стварыў мемарыяльны куток у гонар калегі Героя Савецкага Саюза Васіля Дзямідзіча. Мемарыяльная дошка размешчана на доме, дзе жыў праслаўлены педагог. Цяпер таксама прапрацоўваецца пытанне аб магчымасці прысваення імя героя адной з вуліц Віцебска.
Экспазіцыя "Вайна і Перамога" стане пастаяннай і будзе размяшчацца ў "Зале Славы" музея гісторыі адукацыі Віцебскай вобласці, адкрыццё якога плануецца да пачатку новага навучальнага сезона.-0-