Унікальныя прававыя дакументы станаўлення беларускай дзяржаўнасці прадстаўлены на выставе ў Віцебску
Сімвалічна, што выстаўка разгарнулася ў залах віцебскай ратушы, якая з'яўляецца сімвалам самакіравання. Як вядома, першы будынак ратушы ўзведзены ў 1597 годзе, калі гораду было даравана Магдэбургскае права – звод законаў, па якіх жылі нашы продкі. У экспазіцыі прадстаўлены адпаведны прывілей, падпісаны польскім каралём і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам III Вазам.
Прадстаўленыя на планшэтах матэрыялы распавядаюць пра зараджэнне права ў перыяд стварэння першых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі, асноўныя прававыя нормы Рускай Праўды, гандлёвыя дагаворы з Рыгай, развіццё заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і перыяду Расійскай імперыі.
У вітрынах размешчаны арыгінальныя дакументы XVI – XVII стагоддзяў, у прыватнасці, граматы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Вялікая ўвага нададзена матэрыялам, якія адлюстроўваюць развіццё канстытуцыйнага права Беларусі ў перыяд існавання БССР з моманту абвяшчэння рэспублікі, прыняцця першай Канстытуцыі, якая дзейнічала з 3 лютага 1919-га, і наступных – 1927, 1938 і 1978 гадоў.
Як адзначыла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела абласнога краязнаўчага музея Надзея Варламава, цяперашні год асабліва знамянальны. У 2019-м адзначаецца 490 гадоў першаму Статуту Вялікага Княства Літоўскага, які замацоўваў розныя галіны права, 100-годдзе першай Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі і 25-годдзе Асноўнага закона суверэннай краіны.
Экспанаты распавядаюць аб прыняцці Дэкларацыі аб незалежнасці рэспублікі ў 1990 г. і наступным перыядзе развіцця і змянення асноўных заканадаўчых актаў дзяржавы. Адной з ключавых дат у гісторыі суверэннай Беларусі з'яўляецца 15 сакавіка 1994 года.
У гэты дзень была прынята Канстытуцыя, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы фундамент незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.
– Чвэрць стагоддзя – невялікі адрэзак для дзяржавы, але яму папярэднічала шматвяковая гісторыя нашай краіны. Беларусь мае багаты досвед права, і гэта можна прасачыць на выставе, дзе прадстаўлены унікальныя экспанаты. Важна, каб з імі азнаёмілася прадстаўнікі маладога пакалення, – падкрэсліў на адкрыцці выставы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
Ілюстрацыйны матэрыял экспазіцыі дапаўняюць публікацыі і выданні заканадаўчых актаў XIX – пачатку XXI стст.