У Віцебску можна ўбачыць унікальныя рарытэты старажытнабеларускай культуры
Унікальная выстава са збору Музея старажытнабеларускай культуры адкрылася ў Мастацкім музеі Віцебска. Як растлумачыў Барыс Лазука, дырэктар установы культуры, створанай пры Нацыянальнай акадэміі навук, такая экспазіцыя знаходзіцца ў нашым абласным цэнтры ўпершыню. Некаторыя рарытэты раней ніколі не пакідалі мінскую музейную залу, ёсць і такія, якія наогул не выстаўляліся пасля рэстаўрацыі. Гэта, несумненна, вялікі падарунак Віцебску. Дарэчы, Барыс Лазука родам з Браслаўскага раёна, і як наш зямляк пастараўся прывезці сапраўды самыя каштоўныя рэчы, у тым ліку сабраныя на тэрыторыі прыдзвінскага краю.
Сярод іх – вядомы слуцкі пояс, датаваны другой паловай XVIII стагоддзя. Ён у свой час быў знойдзены ў глыбокскім касцёле ў разрэзаным выглядзе. Рэстаўратары яго аднавілі. Менавіта гэты экзэмпляр паслужыў асновай для стварэння копіі, якая была падораная Прэзідэнту Беларусі. А адрадзілі тэхналогію унікальнага ручнога ткацтва майстроў слуцкай мануфактуры Радзівіла выкладчыкі і студэнты кафедры дызайну мастацка-тэхналагічнага факультэта ВДТУ.
Яшчэ адзін рарытэт – плашчаніца, якую прынеслі ў музей у выглядзе ануч. Наведвальнікі могуць першымі ўбачыць гэтае адноўленае палатно беларускіх майстроў, як і адрэстаўраваную ікону пачатку XIX стагоддзя «Божая Маці Астрабрамская». На выставе шырока прадстаўлены прадметы рэлігійнага культу, такія, як арнат (адзенне ўніяцкіх святароў), царскія вароты, покрыва на алтар, драўляная скульптура, мастацкая разьба, якая ўжывалася ва ўпрыгожанні храмаў. Аснову ж экспазіцыі складаюць абразы беларускай іканапіснай школы. Гэтая калекцыя адна з самых багатых у Музеі старажытнабеларускай культуры, яна складаецца з абразоў і алтарных карцін пачатку XVI – XIX стагоддзяў і адлюстроўвае асноўныя этапы станаўлення і развіцця нацыянальнай мастацкай школы, няпростую канфесійную і культурную сітуацыю ў Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды. Усяго на выставе 36 абразоў, металічных акладаў і складняў.
Як паведаміла дырэктар Мастацкага музея Вольга Акуневіч, у даваенны перыяд у Віцебску таксама было вялікае зборы беларускіх абразоў і драўляных алтарных скульптур, але ў гады вайны яно амаль цалкам загінула. Сёння дзякуючы выставе можна ўбачыць помнікі нацыянальнай культуры, частка з якіх некалі ўпрыгожвалі храмы ў Браслаўскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Докшыцкім і Полацкім раёнах.
Асобная зала прысвечана гісторыі нацыянальнага касцюма і беларускай этнаграфіі. Тут, у прыватнасці, прадстаўлены рушнікі міёрскіх і шаркаўшчынскіх майстрых, размаляваныя дываны, характэрныя для Пастаўшчыны.
Кожны са 108 музейных прадметаў, выстаўленых у экспазіцыі, уваходзіць у скарбніцу беларускай культуры. Убачыць рарытэты ў віцебскім музеі на свае вочы можна да 5 сакавіка.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"