Унікальныя сярэднявечныя паясы прадстаўлены ў Мастацкім музеі Віцебска

Уникальные средневековые пояса представлены в Художественном музее Витебска
Унікальная калекцыя сярэднявечных кунтушовых паясоў прадстаўлена ў Мастацкім музеі Віцебска.

Такія паясы былі неад'емнай часткай мужчынскага касцюма шляхты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Назву яны атрымалі, бо насіліся звычайна на кунтушы – верхнім адзенні з разрэзнымі рукавамі, што спадалі ўніз. Паясы не толькі дапаўнялі касцюм, але лічыліся сімвалам годнасці, высакароднага старажытнага паходжання, высокага сацыяльнага становішча і дабрабыту свайго ўладальніка. Акрамя таго, іх выкарыстоўвалі пры абрадзе пасвячэння ў рыцары, пры бацькоўскім благаславенні маладых, вывешвалі ў храмах як абярэг, знак добрай сілы.

У XVIII – пачатку XIX стагоддзяў вядомыя беларускія магнаты Радзівілы, Сапегі, Агінскія сталі ствараць мануфактуры, якія называліся «персіярнямі», бо лепшымі лічыліся вырабы майстроў з Асманскай імперыі, Персіі, Ірана, Кітая.

Але неўзабаве беларускія паясы сталі цэніцца не менш за ўсходнія ўзоры і нават пераўзыходзіць іх. Асабліва вырабленыя ў Слуцку. Вырабы гэтай мануфактуры з'яўляліся самакаштоўнымі творамі мастацтва. Некаторыя фабрыкі ў Францыі выкарыстоўвалі слуцкія паясы як эталон, знак якасці. На выставе можна ўбачыць экзэмпляр, выраблены ў Ліёне, на якім стаіць метка «Sluck».

Усяго ж у экспазіцыі прадстаўлена 8 вырабаў розных мануфактур Польшчы, Расіі, Францыі і Беларусі. Самы каштоўны – слуцкі пояс другой паловы XVIII стагоддзя. Гэта сапраўдны рарытэт, калі ўлічыць, што ў музеях Беларусі захавалася толькі пяць экзэмпляраў гэтай мануфактуры (у нашым абласным музеі ёсць толькі фрагменты).

Сімвалічна і тое, што ў яго арнаменце выкарыстаны васілёк, кветка, якая пераносіць нас з глыбіні стагоддзяў у дзень сённяшні, стаўшы сімвалам фестывалю, што аб'ядноўвае мастацтва розных краін.

Выставу ў Віцебск прывёз уладальнік найбуйнейшай у Беларусі калекцыі кунтушовых паясоў Сяргей Казлоўскі. Збіраць яе пачалі яго продкі, ад якіх па спадчыне ён атрымаў не толькі найрэдкія экзэмпляры, але і любоў да мастацтва старых майстроў.

Экспазіцыя дапоўнена рэпрадукцыямі партрэтаў Радзівілаў, арыгіналы якіх знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Упершыню калекцыя была прадстаўлена тры гады таму менавіта ў гэтым музеі і мела вялікі поспех. А цяпер яе могуць і ўбачыць жыхары і госці фестывальнай сталіцы.

Дарэчы, Віцебск мае непасрэднае дачыненне да адраджэння старажытнага рамяства. Група выкладчыкаў ВДТУ на чале з дацэнтам Галінай Казарноўскай па захаваных узорах аднавіла згубленую тэхналогію вырабу слуцкіх паясоў, яна была пакладзена ў аснову сучаснага ткацкага станка, вырабленага па распрацоўках віцебскіх вучоных у Германіі.

Сёння ён усталяваны на РВУП «Слуцкія паясы», якое ўжо вырабіла некалькі копій арыгінальных гістарычных экзэмпляраў, адзін з якіх быў падораны Прэзідэнту Беларусі і цяпер захоўваецца ў Палацы Незалежнасці, яшчэ адзін – патрыярху Кірылу ў гонар яго 70-годдзя.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".