Унікальны актаэт балалаек "Віцебскія віртуозы" упершыню прадставіць "Палавецкія танцы" А.Барадзіна
25 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унікальны музычны калектыў "Віцебскія віртуозы" сёння на канцэрце ў абласной філармоніі ўпершыню прадставіць публіцы "Палавецкія танцы" з оперы Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар". Гэту і іншыя падрабязнасці выступлення адзінага ў свеце актаэта балалаек у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміла мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ.
Выкананне найскладанейшага музычнага твора калектыў рыхтаваў спецыяльна да гэтага канцэрта. Адметнасць у тым, што "Палавецкія танцы" напісаны для вялікага сімфанічнага аркестра, выкананне гэтага твора патрабуе высокай выканальніцкай тэхнікі і маштабнага бачання музыкі. "У калектыва атрымалася вельмі пераканаўча, у яго выкананні твор гучыць энергетычна магутна, музыканты зараджаюць сваёй энергіяй літаральна з першых гукаў", - падзялілася ўражаннямі Нэлі Мацаберыдзэ.
У праграме канцэрта музыканты сумясцяць разнажанравыя творы, прадэманструюць прыхільнасць традыцыям рускай балалаечнай школы, а таксама сваё бачанне, тымбравыя рашэнні яркіх кампазіцый выдатнага аргенцінскага кампазітара Астора П'яцолы. У канцэрце прыме ўдзел саліст абласной філармоніі Леанід Кажарскі. "У гэтым сезоне "Віцебскія віртуозы" адрадзілі традыцыю камерна-вакальнага суправаджэння, і калектыў упэўнена дэманструе ўменне чулага акампанементу, здольнасць даць своеасаблівую апору салісту-вакалісту", - адзначыла мастацкі кіраўнік філармоніі.
Актаэт балалаек "Віцебскія віртуозы" утвораны ў 1973 годзе, яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з'яўляецца заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шафранава. У калектыве сабраны ўсе разнавіднасці балалаек ад самай маленькай - пікала (далей ідуць балалайка кварта, дзве балалайкі прыма, балалайка секунда, балалайка альт, балалайка бас) - да самай вялікай - кантрабас. У ансамблі на ўсіх інструментах граюць жанчыны. Унікальнасць калектыву складаецца таксама ва ўменні дабівацца па-сапраўднаму аркестравага гучання, якое дасягаецца за кошт майстэрску створаных Тамарай Шафранавай інструментоўкі і найскладанейшых партый для ўсіх інструментаў, а таксама дзякуючы высокаму выканальніцкаму майстэрству і штодзённай карпатлівай працы музыкантаў.-0-