Унікальны перасоўны музей "Цягнік Перамогі" прыбудзе ў Беларусь 11 чэрвеня
"У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і ААТ "Расійскія чыгункі" ў рамках Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і актыўным садзейнічанні рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Унікальны перасоўны музей "Цягнік Перамогі" будзе курсіраваць па БЧ з 11 па 28 чэрвеня гэтага года", - адзначылі ў прэс-цэнтры.
Як удакладнілі ў БЧ, з 11 па 13 чэрвеня экспазіцыя будзе знаходзіцца ў Мінску, 14-15 чэрвеня яе змогуць наведаць жыхары Оршы, 16-17 чэрвеня - жыхары Віцебска, 18 чэрвеня цягнік зробіць прыпынак у Полацку, 19-20 чэрвеня экспазіцыя будзе даступная для прагляду жыхарам Гродна. У Брэсце "Цягнік Перамогі" будзе знаходзіцца з 21 па 24 чэрвеня, жыхары Гомеля змогуць пабываць у музеі 25-26 чэрвеня, а завершыцца паказ экспазіцыі ў Магілёве 27-28 чэрвеня - у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Цягнік Перамогі" - гэта маштабны гісторыка-асветніцкі праект, створаны ў Расіі камандай творчай майстэрні "Неўскі баталіст" сумесна з медыягрупай "Чырвоны квадрат" пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, ААТ "Расійскія чыгункі" і грамадскай арганізацыі "Валанцёры Перамогі" ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення Года памяці і славы ў Расіі.
У першы рэйс цягнік адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года. За час працы музей наведалі ўжо каля 92,5 тыс. чалавек з 38 гарадоў Расіі.
Гэты праект уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на эфекце прысутнасці, якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і створана на базе вагонаў перасоўнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Састаў "Цягнік Перамогі" уключае 12 вагонаў, 9 з якіх - экспазіцыйныя. Экспазіцыя аднаго з вагонаў прысвечана подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдат і камандзіраў Чырвонай арміі, а таксама жанчынам і дзецям - членам сем'яў вайскоўцаў, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе. Сімвалічна, што "Цягнік Перамогі" з вагонам, які распавядае пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны будзе знаходзіцца ў Брэсце.
У аснове экспазіцыі - трохмерныя панорамы: жывапісныя палотны, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Маршрут па "Цягніку Перамогі" - гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага. Перадваенныя гады - Вялікая Айчынная - Перамога. На сённяшні дзень у музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры, дадалі ў БЧ.
"Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваецца аб'ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панорамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп'ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка", - адзначылі ў прэс-цэнтры.
Праект "Цягнік Перамогі" з'яўляецца сацыяльным як у Расіі, так і ў Беларусі. Час працы экспазіцыі з 10.00 да 20.00. Перапынак з 14.00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі з 12 гадоў.
У адным вагоне "Цягніка Перамогі" адначасова могуць знаходзіцца не больш за 10 наведвальнікаў, час праслухоўвання аўдыягіда складае 5 хвілін, агульны час экскурсіі - 45 хвілін.
"У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю цягніка і эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася, наведванне экспазіцыі будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах, якія распаўсюджваюцца сярод арганізацый і навучальных устаноў Беларусі мясцовымі органамі выканаўчай улады. Праца экспазіцыі будзе арганізавана з улікам рэкамендацый Мінздава прафілактыцы і папярэджанні распаўсюджвання вірусных інфекцый. Наведвальнікі абавязаны выконваць масачны рэжым", - дадалі ў БЧ.