Унікальны па функцыянальнасці ФАК адкрыўся ва Ушачах
Праект ФАК – распрацоўка Наваполацкага філіяла абласнога ДУВП «Інстытут «Віцебскграмадзянпраект», генпадрадчык будаўніцтва – КУВПСП «Полацксельбуд». ФАК узведзены на сродкі з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў (14 млн руб.) у густанаселеным мікрараёне гарпасёлка Ушачы.
Прывітаўшы прысутных, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што развіццё масавай фізічнай культуры і спорту з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне. Сведчаннем таму і ўзвядзенне спартыўных аб'ектаў у малых і сярэдніх гарадах.
ФАК «Юнацтва – Ушачы» – падарунак ад дзяржавы. Ён стаў магчымы дзякуючы ўвазе і падтрымцы з боку Прэзідэнта, урада, парламента, аблвыканкама, мясцовых органаў улады. Здача такога аб'екта ў строй – знамянальная падзея для ўсёй Віцебшчыны. Ён унікальны па функцыянальным прызначэнні і ўкамплектаванасці. Тут можна праводзіць спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.
Для райцэнтра з'явіліся дадатковыя працоўныя месцы. Вырашана і праблема водазабеспячэння, паколькі адпаведныя сістэмы гарпасёлка і комплексу закольцаваны.
Магутнасці ФАК павінны выкарыстоўвацца па поўнай праграме – для заняткаў навучэнцаў Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, спартыўных збораў і спаборніцтваў, аздараўлення насельніцтва, у тым ліку з бліжэйшых раёнаў і гарадоў.
Асаблівую ўдзячнасць Уладзімір Паўлавіч выказаў у адрас будаўнікоў. Генеральнаму дырэктару РУП «Галоў असतातэкспертыза» Віктару Пятрушу і дырэктару Глыбоцкай ПМК-48 Сяргею Кожуху былі ўручаны падзякі.
Будаўніцтва ФАК ва Ушачах пачалося ў чэрвені 2012 г. Аб'ект быў унесены ў план па рэалізацыі Дзяржпраграмы «Беларусь гасцінная», у Рэгіянальную праграму інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2016 – 2020 гады па Ушацкім раёне.
Гэта двухпавярховы будынак, дзе размешчаны басейн з 4 дарожкамі даўжынёй 25 м, глыбінёй ад 120 да 150 см, што адпавядае патрабаванням Міжнароднай федэрацыі плавання. Створаны ўсе ўмовы для спаборніцтваў, дзіцячых трэніровак, аквааэробікі, плавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Універсальная спартзала плошчай 800 кв. м з трыбунамі на 228 месцаў і скаладром вышынёй 11 м.
Залы: трэнажорны, для заняткаў шейпінгам і мастацкай гімнастыкай, для барацьбы, укамплектаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міжнароднай федэрацыі дзюдо, тэнісны, канферэнц-зала. Ёсць сауна, дзіцячы пакой, кафэ на 30 месцаў, інтэрнат для спартсменаў – на 18.
Такім фізкультурна-аздараўленчым комплексам можа пазайздросціць і сталіца, канстатаваў, выступаючы падчас цырымоніі адкрыцця, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Радуе, што новы аб'ект ва Ушачах будзе спрыяць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, фарміраванню ў моладзі якасцей, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, – сілы волі, цярпення, мужнасці, здольнасці дабівацца пастаўленых мэт. Тут павінны расці спартсмены найвышэйшага класа, новыя чэмпіёны, якія сваімі дасягненнямі праславяць нашу Віцебшчыну і Беларусь.
Кіраўнік вобласці ўручыў сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару дырэктару мясцовай ДЮСШ Святлане Федосенка.
– Упэўнены, што з гэтага доўгачаканага моманту фізкультурна-аздараўленчы комплекс стане для ўшачан улюбёным месцам правядзення вольнага часу, – сказаў ад імя землякоў старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка.