Унікальны выпадак. Гісторык распавёў, чаму Суражскія брамы лічаць феноменам Вялікай Айчыннай

"Уникальный случай". Историк рассказал, почему Суражские ворота считают феноменом Великой Отечественной
У лютым 1942 года на стыку флангаў нямецкіх груп армій "Цэнтр" і "Поўнач" у выніку ўдараў Чырвонай арміі пры падтрымцы партызан, у тым ліку атрада Міная Шмырэва, утварыўся 40-кіламетровы прарыў у лініі нямецкага фронту. У ваеннай гісторыі ён атрымаў назву Суражскія (або Віцебскія) вароты. Гэты калідор, названы дарогай жыцця, па сей час лічыцца феноменам Вялікай Айчыннай вайны.

Першыя партызанскія атрады на Віцебшчыне былі створаны ўжо ў ліпені 1941 года. Адзін з іх, які дзейнічаў на тэрыторыі Суражскага раёна (цяпер г.п. Сураж уваходзіць у склад Віцебскага), узначаліў дырэктар кардоннай фабрыкі імя Вароўскага Мінай Шмырэў. Першапачаткова ў яго ўвайшлі 25 рабочых фабрыкі. Баявое хрышчэнне народныя помсціцелі прайшлі 25 ліпеня, пасля чаго яшчэ не раз нападалі на нямецкія аўтамабілі і знішчалі невялікія групы ворагаў. А ў верасні, калі ў атрадзе ўжо налічвалася больш за сто чалавек, партызаны напалі на нямецкі гарнізон у Суражы, пасля чаго на пароме пераправіліся на правы бераг Заходняй Дзвіны і схаваліся ў лясах.
Ацаніўшы ўсю небяспеку партызанскага руху, акупанты прымаюць кардынальныя меры па знішчэнні атрада. За галаву "бандыта нумар адзін", як Шмырэва называлі гітлераўцы, яны абяцаюць казачную па тых часах суму ў 50 тыс. марак і ў дадатак дом, зямельны ўчастак, карову і каня. Калі зразумелі, што здраднікаў, гатовых выдаць месцазнаходжанне Бацькі Міная, няма, вырашылі выманіць яго іншым спосабам. 22 кастрычніка 1941 года арыштавалі чацвярых яго дзяцей, якіх Шмырэў не паспеў эвакуіраваць. Амаль чатыры месяцы яны знаходзіліся ў турме ў Суражы, а пасля былі забіты. Гэту жудасную трагедыю Шмырэў пранёс праз усё сваё жыццё.А тым часам праз Суражскія вароты ў тыл ворага сістэматычна накіроўваліся новыя партызанскія атрады, разведвальныя і дыверсійныя групы, зброя і боепрыпасы, медыкаменты, ішла эвакуацыя ў тыл параненых партызан і грамадзянскага насельніцтва Віцебшчыны. Усяго праз Суражскія вароты за 8 месяцаў іх існавання эвакуіравалася больш за 200 тыс. чалавек.