Універсальная спартыўная пляцоўка з'явілася на базе Віцебскага абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны

Универсальная спортивная площадка появилась на базе Витебского областного диспансера спортивной медицины

Урачыста адбылося адкрыццё. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел абласныя і гарадскія ўлады, кіраўніцтва Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Віцебскай вобласці і, натуральна, самі спартсмены.

Намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч падзякаваў будаўнікоў і ўсіх датычных да гэтай прыемнай падзеі, адзначыў значэнне, якое надаюць улады і асабіста кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец умацаванню здароўя насельніцтва, чаму спрыяе і ўвод гэтага аб'екта.

Атрымаўшы шматлікія падарункі ад ганаровых гасцей, галоўны ўрач дыспансера Ірына Дзеркач падкрэсліла, што адкрыццё пляцоўкі дапаможа стварыць умовы, якія дазволяць медыцынскім работнікам забяспечваць належнае суправаджэнне падрыхтоўкі спартсменаў па розных відах спорту, іх аднаўленне і рэабілітацыю, выкарыстоўваць сучасныя методыкі ў трэніровачным і спаборніцкім працэсах. Цяпер ідзе стварэнне найсучаснейшай матэрыяльна-тэхнічнай базы, набываецца новае абсталяванне, у чым прысутныя маглі пераканацца падчас экскурсіі па дыспансеры.

Дарэчы, новы аб'ект будзе даступны не толькі для спартсменаў высокага класа, але і для простых жыхароў горада, калектываў прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Яго выгадна адрознівае тое, што пасля фізічнай нагрузкі можна адразу адпачыць і аднавіцца, бо ў дыспансеры маюцца і саўна, і басейн, і трэнажорная зала, прымяняюцца розныя метады фізіятэрапіі, якія неабходныя для рэабілітацыі і павышэння рэзервовых магчымасцей арганізма. Так што хочацца верыць: гэтая ўніверсальная пляцоўка (а ў Віцебску сёння адчуваецца недахоп такіх аб'ектаў) пуставаць не будзе.

Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"