УНОВІС-гранд і УНОВІС-лапаць уручаць у Віцебску героям і антыгероям гарадской рэкламы
13 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Радзіма Утвердзіцеляў новага мастацтва (УНОВІС) - Віцебск упершыню будзе ўшаноўваць герояў і антыгерояў гарадской рэкламы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" і натхняльнік ідэі Валянціна Кірылава.
"Горад, у якім нараджаліся мастацкія ідэі, што змянілі візуальнае ўспрыманне свету і далі пачатак авангарднаму мастацтву, не павінен мець неестэтычныя аб'екты рэкламы і інфармацыі", - упэўнена суразмоўніца. Яе ідэю падтрымалі вядомыя мастакі, мастацтвазнаўцы, выкладчыкі кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і аб'ядналіся, каб выбраць самую эфектную і самую непрыгожую гарадскую рэкламу.
У дзень нараджэння УНОВІС, а 14 лютага спаўняецца 90 гадоў з дня яго ўтварэння, у цэнтры сучаснага мастацтва падвядуць вынікі конкурсу і ўзнагародзяць яго лаўрэатаў. УНОВІС-гранд атрымаюць прадпрыемствы, чые візуальныя аб'екты - шыльды, вітрыны, дызайнерскае афармленне - упрыгожваюць горад мастакоў-авангардыстаў, а УНОВІС-лапаць чакае тых, каму яшчэ трэба працаваць і працаваць над сваім іміджам. У якасці бонуса ўладальнікі "лапцей" атрымаюць кансультацыю прафесіяналаў-дызайнераў, запэўніла Валянціна Кірылава.
Утвердзіцелямі новага мастацтва сталі выкладчыкі і вучні Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Гісторыкам вядомая дакладная дата стварэння гэтага аб'яднання наватараў - 14 лютага 1920 года. У склад УНОВІС, які ўзначаліў Казімір Малевіч, уваходзілі Лісіцкі, Чашнік, Ермалаева, Магарыл, Суецін, Хідзекель. Філіялы УНОВІС былі створаны ў Маскве, Пермі, Саратаве, Смаленску. На працягу 1920-1924 гадоў Віцебскі камітэт УНОВІС з'яўляўся цэнтральным аб'яднаннем творчых сіл.
Унікальная педагагічная сістэма мастацкай адукацыі, распрацаваная мастакамі УНОВІС, выкарыстоўваецца дагэтуль. Па ёй будучых мастакоў і дызайнераў навучаюць у Францыі, Германіі, Польшчы, Венгрыі.-0-