Упраўленне статыстыкі Віцебскай вобласці адзначае прафесійнае свята

Управление статистики Витебской области отмечает профессиональный праздник

Статыстычныя органы на Віцебшчыне атрымалі дзяржаўны статус яшчэ 180 гадоў таму. З таго часу змяніліся і метады апрацоўкі інфармацыі, і патрабаванні да падрыхтоўкі спецыялістаў.

У нашай рэспубліцы Цэнтральнае статыстычнае бюро было створана Пастановай Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі ад 23 жніўня 1920 года. Гэты дзень і стаў у выніку прафесійным святам для ўсіх жыхароў нашай краіны, якія працуюць у дадзенай сферы. Аднак калі зазірнуць у мінулае, мы выявім, што гісторыя статыстычных даследаванняў прыдзвінскага краю налічвае куды больш, чым 95 гадоў. Аказваецца, прыйшла пара адзначаць 180-годдзе!

У тыя далёкія часы наш рэгіён з'яўляўся складовай часткай велізарнай Расійскай імперыі. Пры Мікалаі I у ходзе рэформы, мэтай якой было «складанне падрабязных і, па магчымасці, дакладных апісанняў стану ўсіх частак, падведамства Міністэрству ўнутраных спраў», на месцах вырашылі арганізаваць губернскія статыстычныя камітэты. У Віцебску яго заснавалі ў маі 1835 года. Камітэт падрыхтаваў геаграфічнае апісанне губерні і распрацаваў праграму яе даследавання. Менавіта пры гэтай установе ў горадзе адкрыўся ў 1868-м Музей старажытнасцей. Акрамя таго, з 1861 па 1914 гг. друкаваліся «Памятныя кніжкі Віцебскай губерні» — у агульнай складанасці выйшла 31 выданне. Там публікавалася даведачная, адрасная інфармацыя, розныя краязнаўчыя матэрыялы. Было размешчана і нямала статыстычных даных: напрыклад, аб колькасці жыхароў (як агульнай, так і па саслоўях, веравызнанні, полу), прадпрыемствах, што маюцца ў рэгіёне, і гэтак далей. Можна знайсці нават звесткі аб колькасці падкідышаў у паветах Віцебскай губерні на працягу дзесяцігоддзя. Прычым у зборніку не проста прыводзіцца колькасць кінутых дзяцей, але і аналізуюцца прычыны, па якіх маці, якія належалі да розных саслоўяў, так паступілі.

Пра ўсё гэта і многае іншае я даведалася на выставе, што размясцілася ў Галоўным статыстычным упраўленні вобласці. Хоць экспазіцыя, прысвечаная гісторыі дадзенай службы, не вельмі вялікая, але выявіць там можна масу цікавых фактаў. Дзякуючы ім акунаешся ў мінулае роднага краю і выразна разумееш: статыстыка далёка не такая сухая і аднастайная, як некаторым здаецца.

Яшчэ адно таму пацвярджэнне — арганізаваная ў сувязі з прафесійным святам выстава творчасці супрацоўнікаў статупраўлення. Яна дала магчымасць людзям расказаць пра свае асабістыя і сямейныя захапленні, у выніку чаго многія зірнулі на калег зусім іншымі вачыма. Высветлілася, што адны ў вольны час займаюцца бісерапляценнем, іншыя асвоілі квілінг, трэція шыюць маскарадныя касцюмы для дзяцей і ўнукаў, чацвёртыя паспяхова выступаюць на спартыўных спаборніцтвах… Нікога не пакідаюць абыякавымі работы з дрэва, прадастаўленыя сям'ёй Макавецкіх. Заварожваюць і эфектныя вышываныя карціны Анастасіі Сігуткінай. Экспазіцыя лішні раз даказвае: можна дасягаць поспеху ва ўсім — і ў працы, і ў творчасці, было б жаданне.

А падбіраюцца такія цудоўныя кадры пры непасрэдным удзеле начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы Галоўнага статупраўлення вобласці Алены Іўчанковай. На гэтай пасадзе Алена Канстанцінаўна ўжо 20 гадоў, а наогул ва ўпраўленні — яшчэ на дзесяцігоддзе даўжэй. За такі працяглы перыяд праз яе рукі прайшлі, калі можна так сказаць, у якасці супрацоўнікаў або тых, хто паступае на працу, тысячы чалавек. Алена Іўчанкова — сведка многіх перамен у сваёй сферы дзейнасці.

— Напэўна, самымі вызначальнымі з іх можна назваць мерапрыемствы па ўдасканаленні нашай структуры. Так, у 1987 годзе на базе статупраўлення вобласці і вылічальнага цэнтра было ўтворана Віцебскае абласное ўпраўленне статыстыкі, якое ў 2008-м стала Галоўным статыстычным упраўленнем Віцебскай вобласці. Яшчэ адно істотнае пераўтварэнне — аптымізацыя колькасці штату ў 2013 годзе, у выніку якой у нашай структуры стала менш на 4 аддзелы і на 90 дзяржаўных служачых, — расказвае яна.

Змянялася не толькі колькасць супрацоўнікаў, але і патрабаванні да іх.

— Цяпер зусім іншы ўзровень падрыхтоўкі кадраў, — адзначае Алена Канстанцінаўна. — Калі яшчэ ў 2011 годзе ва ўпраўленні налічвалася 30 дзяржслужачых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, то сёння іх толькі двое, і то толькі ў раённых аддзелах статыстыкі. Усе астатнія маюць вышэйшую прафесійную.

У цяперашні час асноўнымі напрамкамі работы з персаналам з'яўляюцца павышэнне адукацыйнага ўзроўню кадраў і ўзроўню прафесійных ведаў як кіраўнікоў, так і спецыялістаў, а таксама стварэнне рацыянальнага механізму кіравання чалавечымі рэсурсамі. Сёння ў статупраўленні выкарыстоўваюць сістэму адкрытай адукацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пры правядзенні кваліфікацыйнага экзамену для асоб, якія ўпершыню паступаюць на дзяржаўную службу; аўтаматызаваную сістэму «Заказ на падрыхтоўку кадраў»; камп'ютэрнае ацэначнае тэсціраванне дзяржслужачых; праграмны прадукт «Кіраванне персаналам», магчымасці якога дазволілі вывесці кадравую працу на новы якасны ўзровень. Таксама раз на тры гады ў сістэме Белстата праводзіцца анкетаванне па 4 блоках пытанняў. Такім чынам збіраюцца звесткі аб прыхільнасці супрацоўнікаў да арганізацыі і яе іміджу, кадравых рызыках, задаволенасці ўмовамі працы, неабходнасці атрымання дадатковых ведаў. Атрыманая інфармацыя дазваляе органам дзяржстатыстыкі паспяхова вырашаць многія практычныя задачы, у тым ліку звязаныя з папаўненнем шэрагаў служачых.

Але хоць новыя тэхналогіі і сучасныя падыходы да працы могуць быць вельмі карыснымі, наўрад ці яны больш эфектыўныя за асабісты прыклад. І Алена Іўчанкава не толькі разбіраецца ў падборы кадраў, але і сама з'яўляецца добрым узорам для пераймання. Яна выдатны спецыяліст, узнагароджаны мноствам узнагарод. Сярод іх — Падзяка Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь за высокі прафесіяналізм і значны ўклад у рэалізацыю кадравай палітыкі. Сярод дыпломаў і грамат Алены Канстанцінаўны можна ўбачыць і тыя, што ўручаны за актыўны ўдзел у прафсаюзнай рабоце і спартыўныя дасягненні (за прызавыя месцы ў рэспубліканскай галіновай спартакіядзе Белтстата, гарадскіх спаборніцтвах па валейболе і турнірах па настольным тэнісе сярод супрацоўнікаў). Сёння ў абласным статыстычным упраўленні больш за 20% персаналу маюць, як і Алена Іўчанкава, стаж працы ў сістэме звыш 20 гадоў, таму моладзі, якая разам з калегамі адзначыць заўтра прафесійнае свята, ёсць на каго раўняцца і ў каго набірацца вопыту.

Лiлiя IЎЧАНКА, «Віцебскія весці». Фота Антона СЦЕПАНIШЧАВА, «Віцебскія весці».