Ураган «Нікалас» стаў прычынай гібелі парасят на прыватнай ферме ў Талачыне
9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прычынай гібелі парасят на прыватнай ферме ў Талачыне стаў ураган "Нікалас", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Як паведамлялася раней, сёння ноччу ў Талачыне згарэла ферма са 160 парасятамі. Як устанавілі спецыялісты, пажар пачаўся з даху. Відавочна, моцнымі парывамі ветру была пашкоджана праводка, адбылося кароткае замыканне, і іскры трапілі на дах. Ураган імгненна разнёс полымя па будынку, таму выратаваць жывёл было немагчыма. У той жа час Талачынскі раён не ўвайшоў у лік найбольш пацярпелых ад стыхіі раёнаў вобласці.
У Расонскім раёне сёння ноччу ў аднапавярховым будынку раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін праваліўся дах на плошчы 85 кв.м. Пашкоджанне выявілі работнікі ўстановы, якія прыйшлі раніцай на працу. Пацярпелых няма, шкода ад стыхіі ўстанаўліваецца, вядуцца рамонтныя работы.
Па аператыўных даных МНС, у цяперашні час у шасці раёнах вобласці энергетыкі працягваюць аднаўляць энергазабеспячэнне населеных пунктаў. Работы вядуцца ў 19 населеных пунктах, на 37 трансфарматарных падстанцыях і 8 лініях электраперадачы.-0-