Урокамі танцаў адзначаць у Празароках 150-годдзе свайго знакамітага земляка Ігната Буйніцкага

17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Урокамі танцаў адзначаць у Празароках (Глыбоцкі раён) 150-годдзе свайго знакамітага земляка Ігната Буйніцкага. Свята ў гонар заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра зладзяць 20 жніўня на яго малой радзіме, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Галіна Унуковіч.

 Арганізатары свята пастараліся ўвасобіць атмасферу "беларускай вечарынкі", якія ў роднай вёсцы праводзіў Ігнат Буйніцкі і з якіх пазней вырас беларускі тэатр. Гасцей чакаюць у вясёлай карчме "У Ігната", дзе абяцаюць пачаставаць нацыянальнымі стравамі. З жыццём і творчай дзейнасцю Ігната Буйніцкага ўдзельнікаў свята пазнаёмяць у музеі мясцовай школы. Тут сабрана ўнікальная экспазіцыя, прысвечаная сям'і Буйніцкіх, народнаму тэатру "Першая беларуская трупа" і Першаму таварыству беларускай драмы і камедыі, заснавальнікам якога з'яўляўся Ігнат Буйніцкі.

У свяце возьмуць удзел тэатральныя і фальклорныя калектывы Глыбоччыны. Як адзначыла Галіна Унуковіч, невыпадкова вакальныя і танцавальныя ансамблі запрошаны на юбілей. Разам з драматычнымі п'есамі, якія займалі галоўнае месца ў рэпертуары тэатра, Ігнат Буйніцкі надаваў шмат увагі танцам і народным песням. На яго радзіме, у Празароках, Палівачах і ў навакольных вёсках, Буйніцкага ведаюць і памятаюць перш за ўсё як выдатнага танцора-самародка, арганізатара і пастаноўшчыка народных танцаў. Менавіта таму гасцей свята чакаюць майстар-класы па харэаграфіі. Толькі ў Празароках на дзень нараджэння Ігната Буйніцкага можна будзе навучыцца танцаваць "Мяцеліцу", "Юрку" і "Антошку", упэўнена суразмоўніца.

Ігнат Буйніцкі нарадзіўся ў маёнтку Палівачы Глыбоцкага раёна 10 жніўня (22 жніўня па новым стылі) 1861 года. У 1907 годзе на аснове гуртка аматараў арганізаваў у маёнтку каля вёскі Празарокі тэатр, які атрымаў назву "Першая беларуская трупа або Тэатр Ігната Буйніцкага". Тэатр ездзіў не толькі па мястэчках і вёсках Беларусі, але і гастраляваў у Вільні, Мінску, Пецярбургу, Варшаве. У 1917 годзе Ігнат Буйніцкі стаў адным з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі ў Мінску. -0-