Урокі Чарнобыля

Уроки Чернобыля

Спаўняецца 27 гадоў адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф на нашай планеце – аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Чаму гэтая катастрофа такая трагічная для нашага народа, ды і ўсяго чалавецтва? Якія ўрокі трэба з яе вынесці?

Урок першы. Як бы ні быў высокі ўзровень адукаванасці насельніцтва, усё роўна неабходна ведаць базавыя прынцыпы працы абсталявання, якое выкарыстоўвае такія высокаэнергетычныя працэсы. Свет рухаецца па шляху эфектыўнасці выкарыстання энергіі ў яе розных праявах. З пункту гледжання фізікі, чалавецтва ўсё больш імкнецца павялічыць каэфіцыент карыснага дзеяння створаных машын і прылад. Мы ўжо з цяжкасцю можам абысціся без мабільнага тэлефона, камп'ютара, тэлевізара і г.п. Але самае галоўнае – без электрычнасці. Зараз гэта самая даступная форма энергіі для канчатковага спажыўца – нас з вамі. Але яе атрыманне патрабуе ўсё большых затрат. І тут няма іншага шляху, як выкарыстоўваць сыравіну з высокай канцэнтрацыяй энергіі, г.зн. ядзернай. Прынцыпы яе атрымання вядомыя ўжо больш за 50 гадоў, але да гэтага часу адкрываюцца новыя магчымасці яе выкарыстання. Ядзерная энергетыка – гэта найбліжэйшая будучыня. На жаль, і гэта сусветная тэндэнцыя, чалавецтва ўсё менш увагі надае пытанням тэхнічнай адукаванасці насельніцтва. У выпадку з ядзернай энергетыкай гэта праявілася найбольш ярка.
Адсюль вынікае другі ўрок Чарнобыля.

Любая складаная, асабліва высокаэнергетычная сістэма патрабуе да сябе павагі. У век тэхналогій неабходны новы, больш высокі ўзровень ведаў. Выкарыстанне высокаканцэнтраванай сыравіны прадугледжвае найстражэйшае выкананне ўсёй ланцужкі яе перапрацоўкі.

Сучасныя тэхналогіі на парадак больш аўтаматызаваныя, чым 50 гадоў таму. Таму іх мадэрнізацыя павінна праходзіць з улікам усіх магчымых наступстваў ад няправільнай арганізацыі тэхналагічнага ланцужка. І Чарнобыль гэта паказаў наглядна. Нельга эксперыментаваць за мяжой дазволенага. Для гэтага ёсць навуковыя, эксперыментальныя прылады, дзе кваліфікаваныя навукоўцы і канструктары змогуць правесці неабходныя даследаванні. Прычым гэта тычыцца не толькі ядзернай энергетыкі. Генная інжынерыя можа нанесці шкоду яшчэ большую, калі яе не паставіць пад найстрогі кантроль. Чарнобыль паказаў, што эксперымент неабходна праводзіць, прадумаўшы і змадэляваўшы ўсе магчымыя наступствы.

Адсюль трэці ўрок Чарнобыля. Каб эксплуатаваць такія сістэмы, патрабуецца высокая спецыяльная падрыхтоўка, прычым не толькі тэхнічная, але і псіхалагічная. Бо не сакрэт, што чалавечы фактар (вельмі шырокае паняцце) пачынае гуляць усё больш важную ролю ў нашым жыцці. Чарнобыль паказаў, што вінаватыя ў трагедыі не абсталяванне і тэхналогія, а неадданасць людзей, якія іх эксплуатуюць.

Прагрэс незваротны, як і ўзыход сонца, але кожны крок яго патрабуе ўсведамлення складанасці і небяспекі выніку. Урокі Чарнобыля назаўжды застануцца ў памяці чалавецтва.

Юрый Бохан, дэкан фізічнага факультэта ВДУ ім. П. Машэрава.