Урокі ландшафтнага дызайну і прадпрымальніцтва прапануюць жыхарам Віцебскага раёна

На тэрыторыі гэтых адміністрацыйных адзінак Віцебскага раёна рэалізуецца сумесная ініцыятыва «Адукацыя і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельскіх саветаў» у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонду «Еўразія» (за кошт сродкаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID)). 

Як паведаміла кіраўнік сумеснай ініцыятывы Ганна Ліпава, у рамках праграмы прадугледжана стварэнне Цэнтра дадатковай адукацыі на базе ўстаноў культуры і адукацыі ў гэтых населеных пунктах, дзе будуць арганізаваны курсы па ландшафтным дызайне, садаводстве, камп’ютарнай граматнасці і прадпрымальніцкай дзейнасці. Вопытныя педагогі навучаць вяскоўцаў сучасным тэхналогіям для рэалізацыі найбольш выгадных для іх мясцовасці бізнес-праектаў. 

Акрамя адукацыйных праграм плануецца распрацаваць арыгінальны мастацкі дызайн для аграгарадка Мазалава, каб падкрэсліць яго гістарычную ўнікальнасць. Важны этап ініцыятывы - рэвіталізацыя дендрапаркавых зон. Ён прадугледжвае добраўпарадкаванне дендрапаркаў у Лужасна і Падбяр'е. Для гэтых мэт плануецца набыць мотаблок і іншы неабходны інвентар. Разам з паркамі другое нараджэнне атрымаюць і крыніцы ў вёсках Мазалава, Лужасна і Падбяр'е. У змястоўны план закладзены сродкі на набыццё стэндаў-указальнікаў і зрубаў. Таксама будуць распрацаваны турыстычныя карты з адлюстраваннем прыродных і культурных асаблівасцей краю.

Андрэй ЗАХАРОВ, «Віцьбічы».