Узровень беспрацоўя ў Віцебскай вобласці знізіўся да 0,5%
Як паведаміў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, на Віцебшчыне ў цэлым выконваюцца прагнозныя паказчыкі ў сферы садзейнічання занятасці.
Напрыклад, за шэсць месяцаў пры стварэнні новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкавана больш за 3,1 тыс. чалавек, што амаль на 2% перавышае паўгадавое заданне. А па такім паказчыку, як удзельная вага працаўладкаваных грамадзян, якія звярнуліся ў службы занятасці, перавыкананне склала больш чым 10 працэнтных пунктаў.
Станоўчая дынаміка шэрагу аспектаў не павінна служыць нагодай для самазаспакаення. У сферы занятасці сітуацыя ад раёна да раёна неадназначная.
У кожным з раёнаў можна налічыць нямала праблем, вырашэнне якіх трэба ўмець ператвараць у магчымасці для развіцця. Гэты тэзіс стаў лейтматывам нядаўняй відэаканферэнцыі ў аблвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева.
Так, у зацверджаны ўрадам на гэты год пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы ўключана 13 раёнаў Віцебшчыны і два гарады абласнога падпарадкавання (Віцебск, Наваполацк). Больш за палову такіх рэгіёнаў змаглі палепшыць сітуацыю ў параўнанні з пачаткам года, а ў Сенненскім і Шумілінскім раёнах, зыходзячы з паказчыкаў, становішча пагоршылася, што стала нагодай для крытычнага аналізу прычын і абмеркавання мер, якія прымаюцца для пералому негатыўных тэндэнцый.
На Сенненшчыне вырас узровень зарэгістраванага беспрацоўя да 0,9%. Ёсць праблема вымушанай няпоўнай занятасці.
Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Вілюгі, яна звязана з перабоямі ў рабоце вытворчага цэха «Сенненскі», які ўваходзіць у склад Аршанскага малочнага камбіната. Па заверанях кіраўніцтва віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», куды ўваходзіць прадпрыемства, цяпер занятасць работнікаў забяспечана, у тым ліку на перспектыву.
Тым не менш, раённым уладам трэба будзе актывізаваць дзейнасць з патэнцыйнымі інвестарамі і дзеючымі суб'ектамі гаспадарання па стварэнні новых працоўных месцаў на фоне аптымізацыі шэрагу арганізацый і завяршэння перыяду сезонных работ.
Гэта галоўная праблема рынку працы і ў Шумілінскім раёне, дзе з 45 запланаваных новых працоўных месцаў за паўгоддзе створана ўсяго 23. Як растлумачыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, некаторыя створаныя з пачатку года прадпрыемствы пакуль не выйшлі на задэклараваныя паказчыкі прыёму на працу спецыялістаў, але ў другім паўгоддзі абяцаюць кампенсаваць недапрацоўкі.
Мясцовыя ўлады актыўна ўзаемадзейнічаюць з суб'ектамі гаспадарання па стварэнні дадатковых працоўных месцаў
Акрамя таго, прымаюцца меры для зніжэння ўзроўню рэгістраванага беспрацоўя, тым больш што на 40 чалавек, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, прыпадае амаль 100 вакансій. Па гэтых і іншых напрамках у раёне ёсць патэнцыял, рэалізацыя якога дазволіць выйсці са створанай сітуацыі, запэўніла Ірына Новікава.
Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы мясцовых улад з'яўляецца працаўладкаванне грамадзян на працоўныя месцы, створаныя на новых вытворчасцях і прадпрыемствах. У гэтым аспекце горш за ўсё сітуацыя ў Глыбоцкім (25,5% ад задання на паўгоддзе), Гарадоцкім (56,4%) і Шумілінскім (51,1%) раёнах. І тут асноўны рэзерв – стымуляванне дзелавой ініцыятывы грамадзян, стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцтва.
Так, па паведамленні старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіны Унуковіч, у ліпені створана 12 рабочых месцаў у гандлёвым прадпрыемстве «Прадуктоша», санаторна-курортны комплекс «Пліса» дадаткова прыняў на працу 5 чалавек. ЗАТ «Купцоўъ» уступае ў сезон нарыхтоўкі сыравіны, у выніку атрымаюць часовую працу 65 чалавек. Акрамя таго, прыватнае прадпрыемства арганізуе вытворчасць пелет на базе мясцовай ПМК.
"Віцебскія весці". Фота з архіва газеты.