Узровень гарманізацыі беларускіх стандартаў з еўрапейскімі ў 2009 годзе склаў 80%
2 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Узровень гарманізацыі беларускіх стандартаў з еўрапейскімі ў 2009 годзе склаў 80%, паведаміў сёння на цырымоніі ўзнагароджання прадпрыемстваў Віцебскай вобласці - лаўрэатаў конкурсаў у галіне якасці старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Валерый Карэшкаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Найбольшы ўзровень рэгламентуючых дакументаў гарманізаваны ў будаўнічай сферы. З 679 стандартаў, зацверджаных у 2009 годзе ў будаўніцтве і будматэрыялах, 94% адпавядаюць еўрапейскім патрабаванням. Такога ж узроўню дасягнулі стандарты ў сферы машынабудавання. У сельгасвытворчасці і вытворчасці прадуктаў харчавання з 57 стандартаў, прынятых летась, 36 адпавядаюць еўрапейскім нормам.
Валерый Карэшкаў адзначыў, што Дзяржстандарт удзельнічае ў праекце тэхнічнай дапамогі Еўракамісіі, якім вызначаны сумесныя напрамкі дзейнасці, што датычацца бяспекі мяса-малочнай прадукцыі, рыбы, бутыляванай вады.
Лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь 2009 года" сталі 45 відаў прадукцыі 30 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, у тым ліку Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода, Глыбоцкага мясакамбіната, Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, Пастаўскага малочнага завода, Лепельскага малочна-кансервавага камбіната, прамысловых прадпрыемстваў "Марка", "КІМ", "Віцебскія дываны", "Белвест". Лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі 2009 года" прызнаны 13 відаў прадукцыі 10 прадпрыемстваў вобласці. Сярод іх Пастаўскі малочны завод, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, кандытарскі камбінат "Віцьба", "Аршабудматэрыялы".-0-