Узровень паводкі ў Віцебскай вобласці можа перавысіць сярэднія значэнні за шмат гадоў

22 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Узровень павадкавых вод на тэрыторыі Віцебскай вобласці прагназуецца вышэй за сярэднемнагадовыя значэнні, што запатрабуе мабілізацыі сіл і сродкаў, а таксама дакладнага ўзаемадзеяння ўсіх службаў і структур для забеспячэння безаварыйнага пропуску веснавога паводку. Пра гэта паведаміў сёння выканаючы абавязкі намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС Аляксей Яроцкі на пасяджэнні абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Аляксея Яроцкага, сёлета складаная павадкавая сітуацыя склалася ў раёне басейнаў рэк Заходняя Дзвіна, Дзісна, Дняпро. У верхавіне Заходняй Дзвіны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ўтварыліся запасы вады ў снезе вышэй за сярэднемнагадовыя значэнні, таўшчыня лёду на вадаёмах вобласці дасягае 39 см. Выкрыццё рэк ад лёду прагназуецца ў сярэдзіне сакавіка, а з наступленнем пацяплення магчымы пад'ём узроўню вады і разліў рэк з выхадам павадкавых вод на пойму і падтапленнем дамоў і падворкаў у Віцебску, Оршы, Полацку, а таксама шэрагу іншых раённых цэнтраў. Усяго ў зону магчымага падтаплення павадкавымі і талымі водамі могуць трапіць 790 дамоў з насельніцтвам каля 2,3 тыс. чалавек у 17 населеных пунктах. Акрамя таго, падтопленымі могуць апынуцца многія сельгасaб'екты. Наяўныя ў вобласці сілы і сродкі дазваляюць забяспечыць устойлівую працу ўсіх аб'ектаў на тэрыторыі рэгіёна ў гэты няпросты перыяд і мінімізаваць наступствы паводку, адзначыў Аляксей Яроцкі. Для гэтага распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да аварыйнага пропуску веснавога паводку 2011 года. Для збору інфармацыі аб развіцці паводкі разгорнуты 21 гідралагічны пост "Віцебскаблгідрамета". У гарадскіх і раённых падраздзяленнях УМНС створана два зводных атрады і 20 зводных груп для правядзення аварыйна-выратавальных работ і рэагавання на магчымыя падтапленні ў перыяд паводку. Падраздзяленні МНС будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, прыводзяцца ў гатоўнасць водаадпампоўная тэхніка і плыткасці. Ва ўсіх раёнах фарміруюцца сітуацыйныя штабы для выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў па папярэджанні і ліквідацыі магчымых надзвычайных сітуацый. Для прыёму адсяляемых рыхтуецца каля 30 аб'ектаў (школы, інтэрнаты, санаторыі), а таксама прадугледжваецца размяшчэнне людзей пры неабходнасці ў гасцініцах, на базах адпачынку і ў падменным жылым фондзе. У вобласці ствараюцца неабходныя рэзервы матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку паліва, будматэрыялаў, харчавання. Ва ўсіх раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі сфармаваны групы эпідэміялагічнай разведкі. Сельскія ўрачэбныя амбулаторыі ўкамплектаваны дадатковай колькасцю медыкаментаў. Арганізавана шырокая тлумачальная праца сярод насельніцтва, якое пражывае ў патэнцыйнай зоне падтаплення. Асноўнымі праблемнымі рэгіёнамі ў вобласці з'яўляюцца Верхнядзвінскі, Мёрскі, Полацкі, Віцебскі, Бешанковіцкі і Гарадоцкі раёны, дзе ўзнікае неабходнасць аказання дапамогі насельніцтву падчас паводку, а таксама патрабуецца праводзіць работы па ліквідацыі ледзяных затораў на вадаёмах. У перыяд веснавога паводку 2010 года на тэрыторыі вобласці было падтоплена каля 300 жылых дамоў і амаль 480 іншых будынкаў у 148 населеных пунктах. У ліквідацыі наступстваў паводкі і аварыйна-выратавальных работах было задзейнічана каля 900 спецыялістаў падраздзяленняў МНС і іншых арганізацый, а таксама каля 380 адзінак тэхнікі.-0-