Узровень паводкі ў Віцебскай вобласці можа значна перавысіць сярэднія шматгадовыя значэнні
19 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Узровень павадкавых вод на тэрыторыі Віцебскай вобласці прагназуецца значна вышэй за сярэднемнагадовыя значэнні, што запатрабуе мабілізацыі сіл і сродкаў усіх службаў і структур вобласці для забеспячэння безаварыйнага пропуску веснавога паводку. Пра гэта паведаміў сёння начальнік абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чакан на пасяджэнні абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У бягучым годзе складаная павадкавая сітуацыя склалася ў раёне басейнаў рэк Заходняя Дзвіна, Дзісна, Дняпро. З-за багатых ападкаў у вярхоўі Заходняй Дзвіны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ўтварыліся запасы вады ў снезе вышэй за сярэднемнагадовыя значэнні, а ў выніку моцных маразоў таўшчыня лёду на вадаёмах вобласці дасягае 40 см, а на асобных участках рэк і вышэй.
Ускрыццё рэк ад лёду прагназуецца ў сярэдзіне сакавіка, а з наступленнем пацяплення магчымы пад'ём узроўню вады і разліў рэк з выхадам павадкавых вод на пойму і падтапленнем дамоў у Віцебску, Оршы, Полацку і Верхнядзвінскім раёне, а таксама шэрагу іншых раённых цэнтраў. Усяго ў зону магчымага падтаплення павадкавымі і талымі водамі могуць трапіць 790 дамоў з насельніцтвам каля 2,3 тыс. чалавек у 17 населеных пунктах. Акрамя таго, падтопленымі могуць аказацца шэраг жывёлагадоўчых сельгаспрадпрыемстваў.
Наяўныя ў вобласці сілы і сродкі дазваляюць забяспечыць устойлівую працу ўсіх аб'ектаў на тэрыторыі рэгіёну ў гэты няпросты перыяд і мінімізаваць наступствы паводку, адзначыў Васіль Чакан. Для гэтага абласная камісія зацвердзіла план мерапрыемстваў па забеспячэнні безаварыйнага пропуску павадкавых вод. Падраздзяленні МНС будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, прыводзяцца ў гатоўнасць водаадпампоўная тэхніка і плыткасці. Ва ўсіх рэгіёнах будуць сфарміраваны сітуацыйныя штабы для выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў па папярэджанні і ліквідацыі магчымых надзвычайных сітуацый.
Для прыёму адсяляемых рыхтуюцца 27 аб'ектаў (школы, інтэрнаты, санаторыі), а таксама прадугледжваецца размяшчэнне людзей пры неабходнасці ў гасцініцах, базах адпачынку і падменным жылым фондзе. У вобласці ствараюцца неабходныя рэзервы матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку паліва, будматэрыялаў, харчавання. Сельскія ўрачэбныя амбулаторыі ўкамплектаваны дадатковай колькасцю медыкаментаў. Арганізавана шырокая тлумачальная праца сярод насельніцтва, якое пражывае ў патэнцыйнай зоне падтаплення.-0-