Узровень злачынстваў у Віцебскай вобласці па выніках I паўгоддзя знізіўся на 13,4%

20 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Узровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці па выніках першага паўгоддзя знізіўся на 13,4%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Багачоў. Усяго за студзень-чэрвень на тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 6,2 тыс. злачынстваў. Узровень злачыннасці на 10 тыс. насельніцтва склаў 51,2 (па рэспубліцы - 55,2). Значна скарацілася за мінулы перыяд колькасць забойстваў (на 30%), разбойных нападаў (на 40,6%), рабаванняў (на 19,5%), згвалтаванняў (на 61,5%), крадзяжоў аўтатранспарту (на 52,2%), хуліганскіх дзеянняў (на 53,9%), фактаў махлярства (на 38,7%). На 13,1% зменшылася колькасць рэцыдыўных злачынстваў, на 10,2% - учыненых групай асоб, на 23,7% - непаўналетнімі. Таксама назіраецца зніжэнне злачынных дзеянняў у грамадскіх месцах і ў сферы сямейна-бытавых адносін. У цэлым, дзякуючы сумесным намаганням усіх дзяржаўных структур, у вобласці намяцілася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння злачыннасці: за апошнія пяць гадоў (першая палова 2007 года - першая палова 2012 года) колькасць учыненых злачынстваў скарацілася з 10,6 тыс. да 6,2 тыс., або на 48,8%, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх - у два разы, наўмысных забойстваў - у 3,5 раза, разбойных нападаў - у 5 разоў, рабаванняў - у 2,5 раза, хуліганскіх дзеянняў - больш чым у 10 разоў. За студзень-чэрвень у парадку пракурорскага нагляду праведзена звыш 700 праверак, па выніках якіх кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый унесена 613 прадпісанняў, 670 прадстаўленняў, 293 пратэсты. Па патрабаваннях пракурораў за дапушчаныя парушэнні заканадаўства больш за 2,4 тыс. чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці, 868 афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння закона. Для пакрыцця матэрыяльнай шкоды пракурорамі прад'яўлена ў агульныя суды 1,3 тыс. іскаў у інтарэсах дзяржавы і прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці на суму звыш Br1,75 млрд. У гаспадарчыя суды накіравана 129 іскавых заяў аб спагнанні дэбіторскай запазыганасці і па іншых пытаннях на Br12 млрд. У мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян вырашана каля 2,5 тыс. зваротаў, на асабістым прыёме прынята 3,2 тыс. чалавек, якім дадзены тлумачэнні па прававых пытаннях. Праведзена больш за 1,5 тыс. сустрэч і гутарак у працоўных калектывах.-0-