Узровень прафесійнай падрыхтоўкі павінен адпавядаць патрабаванням наймальнікаў

Наймодаўцам сёння патрэбны не тэарэтыкі, а спецыялісты, якія валодаюць практычнымі ўменнямі і навыкамі. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні круглага стала «Прафесіі юрыста, эканаміста і лагіста на рынку працы: якасць падрыхтоўкі кадраў, іх запатрабаванасць і перспектывы», якое адбылося ў Віцебскім філіяле Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО».  Да ўдзелу ў дыялогу былі запрошаны прадстаўнікі упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, камітэта па працы і занятасці Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, Віцебскага філіяла РУП «БЕЛТАМОЖСЕРВІС» і ТАА «Еўрагандаль».


Удзельнікі круглага стала абмеркавалі ўзровень падрыхтоўкі маладых спецыялістаў да працы, якасці, уменні і навыкі, якія ім трэба замацоўваць для пабудовы паспяховай кар'еры. Прысутныя аднагалосна прызналі высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО», адзначыўшы пры гэтым агульныя недахопы выпускнікоў ВНУ пры працаўладкаванні на працу.


Першы намеснік дырэктара філіяла ТАА «Еўрагандаль» Міхаіл Янчылін заявіў, што ў выпускнікоў не хапае цярпення паступова выбудоўваць свой прафесійны рост. У прыватнасці, ён сказаў: «На сумоўі дзевяць з дзесяці выпускнікоў, якія маюць дыпломы эканамістаў, лагістаў або юрыстаў, адразу хочуць вялікую пасаду з высокай зарплатай, не разумеючы, што кар'ерны рост – гэта пэўны шлях».


Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння УУС Ігар Рамашка акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сёння ў праваахоўныя органы ідзе жорсткі адбор кадраў і, на жаль, выпускнікам, якія жадаюць працаваць у органах, не хапае псіхалагічных якасцей, дысцыплінаванасці.


Намеснік дырэктара РВУП «Белмытсервіс» Вячаслаў Бабін адзначыў, што прадпрыемствам патрэбны стратэгі — людзі, якія валодаюць не бюракратычным мысленнем на ўзроўні ведаў актаў заканадаўства, а на ўзроўні эканомікі дзяржавы ў цэлым. Такіх маладых спецыялістаў таксама няшмат.


Пра важнасць трымаць руку на пульсе ў працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў гаварыў і начальнік сектара маркетынгу і транспартнай лагістыкі Віцебскага аддзялення БЧ Дзмітрый Сарогавец. Нягледзячы на вялікую патрэбнасць у спецыялістах у сферы логістыкі, патрабаванні, якія прад'яўляюцца сёння да прадстаўнікоў гэтай прафесіі, велізарныя.


Удзельнікі дыскусіі шмат гаварылі пра тое, што адукацыя павінна быць арыентавана на практыку, каб на працоўным месцы выпускнікоў не даводзілася навучаць азам прафесійнай дзейнасці. «Дзеючая сістэма адукацыі павінна адсочваць сітуацыю на рынку працы: якія выпускнікі цяпер патрэбны, якімі ведамі, навыкамі яны павінны валодаць», — падкрэсліла ў сваім выступленні галоўны спецыяліст аддзела прафарыентацыі і прафабучэння камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Шавель.


Гаворачы пра запатрабаванасць юрыстаў, эканамістаў і лагістаў на рынку працы, удзельнікі пасяджэння адзначалі, што гэтыя прафесіі не губляюць сваёй папулярнасці. «Сёння падвышаным попытам на рынку працы карыстаюцца спецыялісты, якія маюць дыпломы ў

смежных галінах, — сказаў дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага універсітэта «МИТСО» Аляксандр Дзядзінкін. — Напрыклад, прававед і эканаміст, лагіст і прававед. Безумоўна, выпускнікі з двума дыпломамі хутчэй знойдуць сваё месца на рынку працы. А мы ставім задачу падрыхтаваць таго спецыяліста, які ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі рабочай сілы зможа працаўладкавацца і быць паспяховым».


Падчас круглага стала ўдзельнікі давалі рэкамендацыі адносна якасцей і навыкаў, якія трэба развіць студэнтам для пабудовы паспяховай кар'еры. У завяршэнне госці выказалі сваю зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве, прапанавалі варыянты сумеснай працы.

 

Алена Усцінава

прэс-службы ФПБ па Віцебскай вобласці.