Узровень зарэгістраванай беспрацоўнасці на 1 чэрвеня ў Беларусі знізіўся да 0,6%

11 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на 1 чэрвеня бягучага года ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,6% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. За май гэты паказчык знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Коханаў. Дарэчы, на 1 чэрвеня мінулага года дадзены паказчык быў 0,7%. У бягучым годзе на працягу некалькіх месяцаў зарэгістраванае беспрацоўе таксама захоўвалася на ўзроўні 0,7% (з 1 лютага 2012 года). Паводле статыстычных даных, за май гэтага года беспрацоўе не змянілася ў большасці рэгіёнаў краіны: яно захавалася на ўзроўні 0,8% у Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях, 0,7% - у Магілёўскай, 0,6% - у Мінскай вобласці. На 0,1 працэнтнага пункта яно знізілася ў Гомельскай вобласці (да 0,9%) і ў Мінску (да 0,2%). "Як і прагназавалася, становішча на рынку працы рэспублікі стабільнае, не выклікае асцярог, - сказаў суразмоўца. - Сітуацыя характарызуецца ростам колькасці вакансій і зніжэннем рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных, - сказаў Мікалай Коханаў. - З вясны адчуваецца сезоннае ажыўленне на рынку працы рэспублікі: узрастае патрэба наймальнікаў у рабочай сіле, а значыць, пашыраюцца магчымасці для працаўладкавання". Зрэшты, прызнаў прадстаўнік міністэрства, вакансіі ў банку даных дзяржслужбы занятасці (зыходзячы з заявак наймальнікаў) далёка не заўсёды прывабныя з пункту гледжання аплаты працы. У Беларусі на 1 чэрвеня на ўліку па беспрацоўі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне стаялі 29,7 тыс. чалавек - на 5,1% менш у параўнанні з 1 чэрвеня 2011-га. За май колькасць зарэгістраваных беспрацоўных паменшылася на 0,9 тыс. чалавек (за красавік - на 0,4 тыс.). Што тычыцца рэгістрацыі беспрацоўных, то ў студзені-маі статус беспрацоўнага атрымалі 78,9 тыс. чалавек - на 3% менш у параўнанні са студзенем-маем мінулага года. Мікалай Коханаў лічыць, што асаблівую ўвагу трэба надаць прафарыентацыі моладзі: "Эканоміка адчувае патрэбу ў прафесійных кадрах рабочых, расце попыт на кваліфікаваную рабочую сілу. Таму маладыя людзі павінны планаваць сваю будучыню зыходзячы ў тым ліку з рэальнай патрэбы рынку працы і бесстаронняй ацэнкі сваіх ведаў. Трэба імкнуцца атрымаць спецыяльнасць, якая патэнцыйна запатрабавана наймальнікамі". Паводле аператыўных даных, за студзень-май бягучага года колькасць зваротаў у дзяржслужбу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні зменшылася на 2,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да 117,8 тыс., а тых, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні, стала менш на 5,8% (163,7 тыс. чалавек, з іх 107,1 тыс. беспрацоўных). Менш і працаўладкаваных - на 2,5% (у студзені-маі 2012 года пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знайшлі працоўнае месца 75 тыс. чалавек, у тым ліку 54,4 тыс. беспрацоўных). Як ужо паведамлялася БЕЛТА, пастановай Савета Міністраў зацверджана Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2012 год. У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы да канца бягучага года ўзровень рэгістраванага беспрацоўя не перавысіць 1,5% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Сярод асноўных задач - захаванне стабільнай сітуацыі ў сферы занятасці; інтэграцыя ў працоўную сферу мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы; удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі развіцця эканомікі; інфармацыйнае, прафарыентацыйнае, метадычнае забеспячэнне занятасці насельніцтва. Прычым дасягненне гэтых задач будзе ажыццяўляцца не толькі традыцыйнымі мерамі, якія апраўдалі сябе на практыцы (садзейнічанне наймальнікам у стварэнні працоўных месцаў, дапамога беспрацоўным у самастойнай занятасці, прафабучэнне беспрацоўных, адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці, перасяленне на новае месца працы і жыхарства), але і з улікам новых падыходаў. У ліку прыярытэтаў праграмы - удасканаленне маніторынгу стану рынку працы, садзейнічанне наймальнікам у структурнай перабудове эканомікі. Фінансаванне праграмы ажыццяўляецца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у тым ліку ў выглядзе субвенцый, якія перадаюцца ў бюджэты абласцей і Мінска. На выкананне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы ў 2012 годзе будзе накіравана амаль Br226 млрд.-0-