Ураджайнасць бульбы ў Віцебскай вобласці на 20% перавышае леташнюю

Урожайность картофеля в Витебской области на 20% превышает прошлогоднюю

Ураджайнасць бульбы ў Віцебскай вобласці перавышае леташнюю больш чым на 20%, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

У рэгіёне ўжо ўбрана больш за 17% плошчаў другой бульбы, выкапана больш за 22 тыс. т клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 346,7 ц/га. Гэта вышэй за сярэднярэспубліканскі ўзровень і перавышае леташні вынік віцебскіх аграрыяў (на аналагічную дату лічба складала 283,4 ц/га).

Сярод арганізацый вобласці найлепшага выніку ў вырошчванні бульбы ўдалося дасягнуць аграрыям Талачынскага кансервавага завода - з аднаго гектара збіраюць па 423 цэнтнеры клубняў. "Такога ўнушальнага ўраджаю талачынскія спецыялісты дабіваюцца за кошт высокай тэхналагічнасці працэсу. Тут максімальна выконваюць рэкамендацыі агранамічнай навукі ва ўсім цыкле вырошчвання, пачынаючы ад севазвароту і апрацоўкі глебы, заканчваючы абаронай раслін, вялікую ўвагу надаюць якасці пасадачнага матэрыялу і падбору сартоў", - падкрэслілі ў камітэце. Па словах спецыялістаў, у Віцебскай вобласці ўраджайнасць бульбы з году ў год павышаецца за кошт таго, што вырошчваннем культуры займаюцца буйнатаварныя прадпрыемствы.

Сёлета ў рэгіёне плануюць атрымаць каля 90 тыс. т другой бульбы. Акрамя традыцыйнай закладкі прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды (прыкладна 15 тыс. т), бульба актыўна рэалізуецца насельніцтву на кірмашах выхаднога дня, пастаўляецца ў айчынныя і замежныя гандлёвыя сеткі. "Той жа Талачынскі кансервавы завод заключае прамыя дагаворы з расійскімі гандлёвымі прадпрыемствамі і пастаўляе сваю прадукцыю на рынак суседняя краіны. Прычым у сучасных бульбасховішчах прадпрыемства ўстаноўлены спецыяльныя лініі мыцця і шліфоўкі клубняў, так што гэтая прадукцыя здольна задаволіць запыты самых прыдзірлівых пакупнікоў", - адзначылі ў камітэце.

Алена Ціханава, БЕЛТА.