Намалочнасьць збожжавых культураў у Віцебскай вобласьці павінна складаць 40-50 ц/га - А.Косінец

30 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Ураджайнасць збожжавых культур у Віцебскай вобласці павінна складаць 40-50 ц/га, што прадугледжвае стратэгія развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці на 2011-2015 гады. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння ў асобных гаспадарках фіксавалася біялагічная ўраджайнасць у 50-70 ц/га, але анамальная спёка не дала коласу наліцца, таму з гэтых палёў убіраецца па 25-35 ц/га. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці праведзеных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы, якія будуць працягнуты ў перспектыве, адзначыў кіраўнік вобласці. "Мы будзем імкнуцца да ўраджаю ў 2 млн.т збожжа, наводзячы парадак на палях, вядучы пісьменную агратэхналогію і культуру земляробства", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Стратэгіяй развіцця АПК вобласці прадугледжваецца павелічэнне збожжавага кліну вобласці да 500 тыс.га, у тым ліку каля 100 тыс.га будзе адведзена пад кукурузу, 100 тыс.га - пад рапс, каля 20 тыс.га - пад лён, ураджайнасць якога павінна дасягнуць 3-4 т ільнотрасты з аднаго гектара. Акрамя таго, каля 10 тыс.га плануецца адвесці пад бульбу. Далейшае развіццё атрымае працэс мадэрнізацыі АПК, у тым ліку ў 2011 годзе плануецца папоўніць парк гаспадарак пяццю сотнямі новых камбайнаў. "Сур'ёзная мадэрнізацыя прынясе поспех пры ўмове, калі мы сур'ёзна папрацуем з зямлёй", - адзначыў Аляксандр Косінец. Паводле яго слоў, адной з найсур'ёзнейшых праблем вобласці з'яўляецца рэзкае зніжэнне гумусу ў глебе, якое назіраецца з 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На мяжы стагоддзяў у вобласці знізілася ў 5-7 разоў унясенне арганічных угнаенняў, таму сёння і ў перспектыве трэба ўносіць як мінімум 14-15 т арганікі на 1 га пасеваў, а самы аптымальны варыянт - да 100 т на 1 га. "Наша галоўная задача на перспектыву - павысіць утрыманне гумусу ў глебе, тады і будзем мець добры ўраджай", - лічыць Аляксандр Косінец.-0-