Ураджэнец Докшыцкага раёна ўдзельнічае ў самым суровым ралі-рэйдзе ў свеце
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у самым вядомым і суровым ралі-рэйдзе ў свеце. На працягу двух тыдняў ім трэба перажыць хуткасныя горныя спускі, небяспечныя пясчаныя горы і барханы, перапады тэмпературы і ціску. Сярод заваёўнікаў «Дакара» – наш суайчыннік, ураджэнец Докшыцкага раёна Андрэй Жыгулін. У інтэрв'ю «Віцебскім весткам» напярэдадні незвычайнай камандзіроўкі ён распавёў пра ўмовы гонкі, трэніроўкі і любоў да аўтамабіляў.
— «Дакар» часта называюць гонкамі на выжыванне. Няўжо ўмовы ралі настолькі жорсткія?
— Не тое слова! Гонка праходзіць у экстрэмальных умовах – рэжыме поўнага бездарожжа. Прычым цяперашні «Дакар» – адзін з самых працяглых і цяжкіх. У прыватнасці, арганізатарамі прадугледжаны спецучасткі працягласцю звыш 600 км.
— Але вы ж рыхтаваліся да такіх выпрабаванняў?
— Безумоўна. Экіпажы беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта» трэніраваліся пад Мінскам. Былі як практычныя, так і тэарэтычныя заняткі. Вядома, хацелася б больш часу надаваць трэніроўкам, але не заўсёды гэта ўдаецца. Хоць «Дакар» – самая сур'ёзная гонка ў годзе, і спецыяльна для яе збіраюць спартыўныя грузавікі.
Праўда, мы ўдзельнічалі ў расійскіх чэмпіянатах. Гэта было свайго роду прэлюдыяй да «Дакара», падчас якой мы адточвалі сваё майстэрства.
— Што ўяўляе найбольшую небяспеку падчас «Дакара»?
— Перашкод мноства: гэта і складаныя горныя перавалы, і пясчаныя горы, і барханы.
— І, відаць, перапады тэмпературы…— Яны не так уплываюць на аўтамабіль, як вышыня. Ва ўмовах вышыні наш электронны рухавік не валодае настолькі шырокім дыяпазонам рэгулявання магутнасцей. У астатнім жа беларуская тэхніка выдатна падрыхтавана да суровых умоў.
— Як арганізавана сувязь паміж удзельнікамі беларускай каманды падчас гонкі?
— Сувязь нам арганізуе тэхнічны партнёр – адзін з мабільных аператараў Беларусі. Кожнаму ўдзельніку выдзелены SIM-карты. У выпадку неабходнасці можна звязацца з куратарам каманды або іншымі членамі экіпажа. У перапынках паміж гонкамі можам патэлефанаваць родным і блізкім. Дарэчы, я з сабой бяру і смартфон, і звычайны тэлефон.
— Наколькі я ведаю, кожны экіпаж атрымлівае ад арганізатараў спадарожнікавы тэлефон.
— Вось ён якраз і падводзіць. На мінулых ралі былі сітуацыі, калі спадарожнікавы тэлефон аказваўся бессильны, а GSM-сувязь, наадварот, працавала якасна. Так было і ў 2012 годзе, калі ў пясках захраснуў адзін з нашых экіпажаў. Тады адзін з гоншчыкаў узняўся на бархан і з дапамогай звычайнага мабільнага тэлефона змог датэлефанавацца да прадстаўнікоў каманды. Гэта адбылося каля гадзіны ночы. Арганізатары ўжо спалі, давялося іх тэрмінова будзіць, паколькі кожная машына абсталявана сістэмай сачэння, доступ да якой ёсць толькі ў іх. Мабільная сувязь тады моцна выручыла каманду.
— Які план каманды на гонку?
— Стратэгія каманды – прыехаць да фінішу ў ліку першых. Але па экіпажах задачы розняцца. Я як механік разам з пілотам і штурманам паеду на хуткай «тэхнічцы», якая прызначана для экстраннага рамонту двух іншых экіпажаў. Гэта значыць, у выпадку паломкі двух іншых грузавікоў, якія будуць ехаць перад намі, мы павінны хутка прыйсці ім на дапамогу. Таму на нашай баявой машыне – так называюць аўтамабіль удзельнікаў «Дакара» – будуць усе неабходныя запчасткі. Атрымліваецца, у мае задачы ўваходзіць падтрымка працаздольнасці як уласнага аўтамабіля, так і двух іншых баявых машын.
— Каго лічыце канкурэнтамі?
— Каманды «КАМАЗ-Майстар», «Iveco» і «Tatra». Але, як паказаў наш удзел у апошнім ралі-рэйдзе «Шаўковы шлях», з імі можна спаборнічаць на роўных.
— То бок аматараў аўтаспорту за мяжой беларусаў ведаюць не па чутках?
— Нас не толькі пазнаюць, але і прызнаюць. Пакуль мы – адзіная каманда, якая на міжнародным узроўні прадстаўляе Беларусь у аўтаспорце. Гэта добрая рэклама для краіны.
— Чым вас прываблівае ўдзел у падобных гонках?
— Спорт сам па сабе зацягвае. Гэта становіцца ладам жыцця. Паспрабаваўшы раз, нельга спыніцца. Акрамя таго, калі цябе называюць беларускім аўтагоншчыкам, адчуваеш гонар.
— А як вы трапілі ў каманду «МАЗ-СПОРТаўта»?
— Пра яе стварэнне даведаўся, яшчэ будучы студэнтам БДТУ. Калі прыйшоў час размеркавання, стаў высвятляць, як туды трапіць. З першага разу гэта не атрымалася – пайшоў працаваць на Мінскі аўтазавод. Але неўзабаве з'явілася вольная вакансія ў камандзе, чым я і скарыстаўся.
— Але любоў да гонак, напэўна, з дзяцінства.
— Куды ўжо без гэтага! У любога мужчыны любоў да аўтамабіляў зараджаецца яшчэ ў дзяцінстве. І я рады, што Віцебшчына за мяне перажывае і хварэе. Я гэта адчуваю і гэтым ганаруся.
— Наколькі развіты ў нас аўтаспорт? Ці лёгка ўраджэнцу нашай вобласці пачаць ім займацца?
— Віцебская вобласць прывабная для аматараў аўтаспорту. Гаворка, вядома, ідзе не столькі пра грузавы аўтаспорт. Нямала віцяблянаў удзельнічаюць у класічным аўтаралі. На Віцебшчыне ёсць як мінімум дзве годныя трасы – у Лепелі і Ушачах. Цешыць, што гонкі на іх праводзяцца рэгулярна. Калі нас запрашаюць, мы заўсёды прымаем у іх удзел. У прыватнасці, выязджалі на спаборніцтвы па джып-трыяле і ралі-спрынце ў Лепелі.
Так што галоўнае – мець імкненне і жаданне. Магчымасцей рэалізаваць сябе ў аўтаспорце ў жыхароў вобласці дастаткова. Гэтак жа, як і ў нас, на «Дакары».
Андрэй Арлоў