Ураджэнка Докшыцкага раёна стала чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь па бодзіфітнесу
У ўпэўненай і эфектнай дзяўчыне былую Кацю Буткевіч пазнаць складана. У школе яна была хударлявай, ціхай, сціплай дзяўчынай, старонніцай гучных кампаній. Праўда, выдатна вучылася, паказвала добрыя вынікі на ўроках фізкультуры, займалася бегам, удзельнічала ў спаборніцтвах.
Адзінаццаты клас заканчвала ў Параф'янаўскай школе. У выбары прафесіі вагалася да апошняга, але па жаданні бацькоў паступіла ў медуніверсітэт. Праз год зразумела, што гэта не яе шлях, і сышла адтуль. Але каб не засмучаць блізкіх, аднесла дакументы ва ўніверсітэт, толькі ўжо педагагічны. Паступіла на хіміка-біялагічны факультэт. Пасялілася ў сталічным інтэрнаце і наладзілася на спакойнае студэнцкае жыццё. Але не тут-то было! Пры інтэрнаце працаваў трэнажорны зал. На трэніроўкі стала хадзіць кожны дзень. Займалася старанна і самааддана. Неўзабаве змяніла студэнцкі зала на новы. Там дзяўчыну заўважыў інструктар. Параіў ёй прафесійна заняцца бодзібілдынгам. Кацярына пагадзілася. Старанныя сістэматычныя заняткі, дакладнае збалансаванае харчаванне далі вынікі: постаць стала вытанчанай, падцягнутай, моцнай, без грама лішняга тлушчу. Трэнер Эдуард Бізюк адзначыў дастаткова хуткі спартыўны рост сваёй выхаванкі і прапанаваў ёй скласці канкурэнцыю юніёркам Рэспубліканскага чэмпіянату па бодзібілдынгу і бодзіфітнесу. Пераконваў, што перамога будзе за ёй.
Дзяўчына пачала займацца з падвойнай сілай. Даводзілася сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да чэмпіянату. Час быў распісаны па хвілінах. Але яно таго варта было. Праз тры месяцы Кацярына Буткевіч заняла першае месца сярод юніёрак па бодзіфітнесу. З залатым медалём на грудзях і кубкам у руках стаяла на пастаменце, прамяніста ўсміхаючыся. Ёй апладзіраваў вялікі зал. Святло пражэктараў і відэакамер сляпіла вочы. Каця не верыла свайму шчасцю!
– Адчуванні неперадавальныя, – прызнаецца яна. – Гэта былі мае першыя сур'ёзныя спаборніцтвы. І адразу такі поспех! Спорт даў мне ўпэўненасць, магчымасць для самарэалізацыі, а самае галоўнае – мэту. Я зразумела, што магу быць скульптарам свайго цела.
Сваімі ведамі чэмпіёнка ахвотна дзеліцца з астатнімі. Працуе ў сталічным клубе персанальным трэнерам. Набрала групу дзяўчат і юнакоў, праводзіць для іх заняткі па фітнесу. Захапіла бодзібілдынгам роднага брата. Універсітэт не кідае: выконвае абяцанне, дадзенае бацькам. Але будучыню сваю бачыць у спорце. Нядаўна зноў прыступіла да ўзмоцненых трэніровак. Наступная яе мэта – чэмпіянат свету.
Аўтар Таццяна Стадольнік