Сядзіба Ільі Рэпіна пад Віцебскам на адзін дзень ператворыцца ў ласкутную палітру
Першы адкрыты конкурс-фестываль лоскутнага шыцця "Рэпінская палітра" пройдзе ў музеі-сядзібе Ільі Рэпіна.
26 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першы адкрыты конкурс-фестываль лоскутнага шыцця "Рэпінская палітра" пройдзе ў музеі-сядзібе Ільі Рэпіна Здраўнёва пад Віцебскам. Беларускія і расійскія майстрыхі пэчворка ўжо прадставілі на конкурс больш за 30 работ, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА ініцыятар праекта кіраўнік полацкага народнага клуба лоскутнага шыцця "Рошва" Ніна Ярмух.
Выстава конкурсных работ экспануецца ў музеі-сядзібе Ільі Рэпіна і папярэднічае фестывалю, які пройдзе 5 жніўня. У гэты дзень гасцей сядзібы чакаюць майстар-класы рукадзельніц, канцэртныя і тэатральныя праекты, сустрэчы з мастакамі. Завершыцца фестываль узнагароджаннем пераможцаў у чатырох намінацыях: захаванне традыцый лоскутнага шыцця, арыгінальнасць выканання, лепшая кампазіцыя і сімпатыя гледачоў.
Як адзначыла Ніна Ярмух, фестывалі пэчворка праводзяцца ў многіх гарадах Еўропы і прыцягваюць не толькі майстроў, але і турыстаў. Адзін з папулярных расійскіх фестываляў "Стракатая паляна" праходзіць у сядзібе Льва Талстога ў Яснай Паляне. Падобны праект рыхтуецца рэалізаваць музей-сядзіба прадзеда Аляксандра Пушкіна Абрама Ганібала "Суйда" пад Санкт-Пецярбургам.
Арганізатарамі "Рэпінскай палітры" выступаюць упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, абласны краязнаўчы музей, абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і рамёстваў, цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур Полацка. Як спадзяюцца арганізатары, іх фестываль дапаможа захаваць і папулярызаваць нацыянальнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прыцягне ўвагу турыстаў да Віцебска і музея-сядзібы Здраўнёва.