Ушацкая школа ўвайшла ў «Топ-100 найлепшых школ Беларусі»

Ушачская школа вошла в «Топ-100 лучших школ Беларуси»

У рэйтынгу Міністэрства адукацыі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання школа заняла 64-е месца, здолеўшы абысці нават некаторыя гімназіі і ліцэі сталіцы.

Ушацкая СШ мае слаўную гісторыю і можа ганарыцца выпускнікамі розных гадоў. Да прыкладу, тут калісьці вучыліся Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось, Генадзь Гарбук — людзі, якія з'яўляюцца нацыянальным гонарам Беларусі. Традыцыі педагогаў паспяхова працягваюцца і прымнажаюцца. Многія кіраўнікі арганізацый, ды і некаторыя прадстаўнікі мясцовай улады, уключаючы старшыню раённага Савета дэпутатаў Вольгу Захаранка, таксама выпускнікі школы. Відавочна: цяперашняя перамога – яскравае сведчанне не якога-небудзь адзінкавага усплёску інтэлекту і ведаў асобных вучняў, а вынік планамернай творчай і напружанай працы ўсяго калектыву.

– Усе 52 выпускнікі школы 2014-2015 навучальнага года выдатна здалі цэнтралізаванае тэсціраванне: няма ніводнага, хто б не набраў патрэбнай колькасці балаў па розных прадметах для далейшага навучання, — адзначыў дырэктар школы Віталь Клімашэўскі. – Да прыкладу, з 27 выпускнікоў 11 «Б» 25 паступалі ў ВНУ, і 23 з іх сталі студэнтамі акадэмій – МУС і ваеннай, БНТУ, БДУ, медуніверсітэта і іншых прэстыжных навучальных устаноў – спектр выбраных імі будучых спецыяльнасцей шырокі. Па праве могуць ганарыцца настаўнікі фізікі Віктар Герцык, матэматыкі – Людміла Худалеева, рускай мовы і літаратуры – Людміла Трафімава, беларускай – Вера Спірчонак і Ірына Леснічэнка, хіміі – Алена Марозава, біялогіі — Вольга Жыткая, гісторыі – Таццяна Пугачова і іншыя. Іх выхаванцы прадэманстравалі глыбокія веды.

Віталій Клімашэўскі распавёў, што праца з дзецьмі пачынаецца нават не з першых класаў – яшчэ з садка: дашкольнікі наведваюць створаную тут школу ранняга развіцця. Заняткі па пісьме, чытанні, матэматыцы і замежнай мове з малымі праводзяцца такім чынам, каб максімальна падрыхтаваць іх да далейшай паспяховай вучобы. Каб не страціць пераемнасці ў вывучэнні замежных моў, да прыкладу, для вучняў першых і другіх класаў арганізаваны дадатковыя заняткі. І потым на працягу ўсяго часу ў школе дзеці могуць займацца на розных факультатывах па паглыбленаму вывучэнню фізікі, матэматыкі, моў, біялогіі, гісторыі і
г. д., якія ствараюцца па іх жаданні. Плюс заняткі па спецыяльнай падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Прычым такая праца праводзіцца не толькі з навучэнцамі сваёй школы, але і іншых навучальных устаноў рэгіёну на міжшкольных факультатывах. Арганізаваны профільныя класы, наладжана цеснае супрацоўніцтва з універсітэтам імя П. Машэрава і іншымі ВНУ.

Тут пастаянна клапоцяцца аб паляпшэнні ўмоў для атрымання дадатковых ведаў і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Дзейнічаюць два рэсурсных цэнтра з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Абсталяваны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі кабінеты фізікі, інфарматыкі, замежных моў і іншыя. Між іншым, яны адкрыты і па вечарах.

– Мы вельмі ўдзячныя райвыканкаму і кіраўніку раёна Віктару Радзічу за ўвагу да патрэб школы і дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, — падкрэсліў Віталій Клімашэўскі. – У мінулым навучальным годзе з раённага бюджэту было выдзелена 100 млн рублёў на набыццё камп'ютараў для педагогаў, якія цяпер актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі на занятках і пры падрыхтоўцы да іх. А нядаўна на былым пустыры з'явіўся прыгожы і ўтульны сквер каля школы – ідэю падаў старшыня райвыканкама, яе ўвасобілі ў жыццё настаўнікі, тэхнічны персанал і работнікі райвыканкама.

Малыя архітэктурныя формы стварыў настаўнік працы Алег Лемеш. Нездарма школа сёння стала пераможцам раённага конкурсу па добраўпарадкаванні і падрыхтоўцы да навучальнага года.

У вырашэнні розных пытанняў тут разлічваюць не толькі на дапамогу з бюджэту, але і на ўласныя сілы: грошы зарабляюць на платных факультатывах, гуртках па вывучэнні камп'ютарнай пісьменнасці для пенсіянераў, секцыі па фітнесе і г. д. Школа ва Ушачах даўно стала паспяховым адукацыйным цэнтрам не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

Алена Целятка. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».