Ушацкі агароднінасушыльны завод накіраваў на стварэнне цэха па разліве мінеральнай вады Br3,2 млрд.
10 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Ушацкі агароднінасушыльны завод завяршае рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па стварэнні вытворчасці разліву мінеральнай вады і выпуску безалкагольных напояў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар прадпрыемства Алена Русак.
У пачатку кастрычніка бягучага года ў адрамантаваным цэху пачнецца мантаж абсталявання па разліве мінеральнай вады і безалкагольных напояў прадукцыйнасцю 3 тыс. бутэлек у гадзіну. Вада будзе разлівацца ў пластыкавыя бутэлькі ёмістасцю ад 0,33 л да 2 л і паступіць у продаж да пачатку наступнага летняга сезона. Мяркуецца, што дзякуючы адкрыццю новага цэха на працу будуць прыняты не менш за 20 чалавек. Кошт праекта ацэньваецца Br8,4 млрд., з якіх Вr3,2 млрд. ужо асвоены.
Два гады таму завод набыў артэзіянскую свідравіну мінеральнай вады, якая па сваім складзе з'яўляецца сульфатна-натрыева-кальцыевай з дадаткамі магнію і хлору. Яна аналагічная лячэбным водам санаторыя "Трускавец" і не мае аналагаў у Беларусі. Раней вада з гэтай свідравіны паступала ў продаж пад гандлёвай маркай "Вечалле".
На тэрыторыі Віцебскай вобласці шэсць участкаў прызнаны перспектыўнымі для здабычы і прамысловага разліву падземных вод. Згодна з даследаваннямі вучоных, запасы і склад вод дазваляюць ствараць прадпрыемствы па разліве пітной вады ў Докшыцах, Бегамлі, вёсках Веляўшчына (Лепельскі раён), Азіна (Полацкі раён), пасёлках Росаны і Ушачы. У цяперашні час на тэрыторыі вобласці дзевяць прадпрыемстваў займаюцца здабычай і разлівам мінеральнай вады.-0-