Ушацкае райпо заняло першае месца ў вобласці сярод аналагічных прадпрыемстваў
– Да сустрэчы Новага года мы рыхтуемся з добрым настроем і надзеяй на будучыню, – расказала старшыня раённага спажывецкага таварыства Лідзія Доўгая. – І, вядома, клапоцімся пра тое, каб святы прынеслі радасць усім ушачанам, бо ўдзельная вага райпо ў рознічным гандлі раёна складае каля 66%. Гэта значыць, большасць жыхароў – нашы пастаянныя кліенты. Прыцягнуць пакупнікоў дапамагаюць розныя акцыі: «Тавар дня», «Тавар тыдня», «Дзень імянінніка», «Шанс», «Будуем разам», «Гарачая пара» і іншыя. Штомесяц райпо прапануе і шырокі акцыйны пакет харчовых тавараў са зніжкай, сфарміраваны сумесна з пастаўшчыкамі. Так, у снежні ён уключае ў сябе больш за 100 найменняў (каўбасныя і кандытарскія вырабы, паўфабрыкаты са свініны і птушкі, свежамарожаная рыба, рыбныя кансервы і іншыя), а таксама тавары, якія выпускаюцца пад уласнай гандлёвай маркай Белкаапсаюза. Прычым арганізуем іх не толькі напярэдадні ўрачыстасцей – на працягу двух-трох апошніх дзён кожнага месяца зніжаем гандлёвыя надбаўкі на многія тавары.
Напярэдадні Новага года праходзяць маштабныя акцыі. Асабліва істотна змяншаецца кошт на вырабы тых вытворцаў, якія разам з райпо ўдзельнічаюць у акцыях. Да прыкладу, «Купалінка» на некаторыя віды знізіла адпускныя цэны да 70%, а райпо дадала сваю долю шляхам змяншэння гандлёвай надбаўкі. Атрымалася вельмі дэмакратычная цана на тавары мінулых гадоў выпуску. А на вырабленыя сёлета дзейнічае зніжка 20%, што таксама прыцягвае пакупнікоў. Але нават незалежна ад рашэння пастаўшчыкоў у крамах арганізаваны шырокі распродаж тавараў нехарчовай групы – надбаўкі на некаторыя зніжаны да 50%.
– Гэта наш падарунак для ушачан і гасцей рэгіёна, –
падкрэсліла Лідзія Альбінаўна. – Прычым не адзіны. Цяпер праходзіць акцыя «Да святочнага стала», калі асобныя віды каўбасных і кандытарскіх вырабаў, прысмакаў, зялёны гарошак, кансерваваныя кукурузу і ананасы, іншыя прадукты, якія гаспадыні традыцыйна выкарыстоўваюць для прыгатавання навагодніх страў, можна купіць па больш нізкай цане. На 40% паменшаны і гандлёвыя надбаўкі на падарункавыя наборы і кандытарскія вырабы, якія заказваюць калектывы і прафсаюзныя арганізацыі.
Рыхтуюцца да навагодніх урачыстасцей і прадпрыемствы грамадскага харчавання. Акрамя традыцыйных «агеньчыкаў», выязны гандаль будзе забяспечваць гарачым гарбатай, кавай, кандытарскімі вырабамі і іншымі прысмакамі удзельнікаў святаў, якія пройдуць каля елкі на галоўнай плошчы гарпасёлка. Дарэчы, калі раней пакупнікі наракалі, што ў крамах раёна невялікі асартымент цукерак беларускіх вытворцаў, то цяпер дэфіцыт ліквідаваны: райпо наўпрост заключыла дагавор з кандытарскай фабрыкай «Камунарка», і цяпер прысмакі заўсёды ёсць на прылаўках гандлёвых прадпрыемстваў.
«Віцебскія весці».