Умовы вядзення інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі палягчаюцца

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі палягчаюцца ўмовы вядзення інвестыцыйнай дзейнасці. Адпаведны дэкрэт №10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка выдаў 6 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Дакументам устанаўліваюцца як для беларускіх, так і для замежных інвестараў правілы, якія палягчаюць пачатак рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Замацоўваецца таксама адказнасць інвестараў за выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў. У заключаемых з інвестарамі дагаворах павінны быць дакладна вызначаны аб'екты, аб'ёмы і тэрміны ўкладання інвестыцый, а таксама адказнасць за іх невыкананне. Агаворваюцца таксама агульныя прэферэнцыі для праектаў, якія рэалізуюцца ў рамках інвестыцыйных дагавораў. Акрамя таго, уводзіцца трохузроўневая сістэма заключэння інвестарамі інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь, дыферэнцыраваная ў залежнасці ад значнасці праекта і прэферэнцый, што прадастаўляюцца. Інвестыцыйны дагавор можа заключацца на падставе рашэння: Савета Міністраў, узгодненага з Прэзідэнтам Беларусі, калі дагаворам прадугледжваецца прадастаўленне інвестару прэферэнцый, не ўстаноўленых заканадаўчымі актамі або іншымі рашэннямі кіраўніка дзяржавы; Савета Міністраў у выпадку, калі інвестыцыйным дагаворам прадугледжваецца прадастаўленне інвестару льгот і прэферэнцый, ужо ўстаноўленых заканадаўчымі актамі і іншымі рашэннямі Прэзідэнта; рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, іншай дзяржаўнай арганізацыі, падпарадкаванай ураду, аблвыканкама, Мінскага гарвыканкама ў выпадках, калі для рэалізацыі праекта прэферэнцыі не патрабуюцца. Дэкрэтам замацаваны абавязковыя ўмовы заключэння інвестыцыйных дагавораў, а таксама прадастаўляецца магчымасць іх пашырэння зыходзячы з галіновай накіраванасці і спецыфікі інвестыцыйнага праекта. З улікам практыкі рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі інвестарам, якія заключылі інвестыцыйныя дагаворы, прапануюцца такія агульныя прэферэнцыі, як прадастаўленне зямельнага ўчастка ў арэнду без правядзення аўкцыёну; паэтапнае афармленне неабходных дакументаў па адводзе зямельнага ўчастка адначасова з будаўніцтвам на фактычна занятых землях і будаўніцтва аб'ектаў з паралельным праектаваннем наступных этапаў будаўніцтва; увоз тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго для аб'ектаў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта, без выплаты мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць. Акрамя таго, інвестар вызваляецца ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама кампенсацыйных выплат, звязаных з пераносам і высечкай зялёных насаджэнняў на землях населеных пунктаў; выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльных дазволаў замежным грамадзянам, прыцягнутым інвестарам для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, на заняцце працоўнай дзейнасцю ў нашай краіне, а названыя замежныя грамадзяне - ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі. Разам з тым у дэкрэце прадугледжана, што ў выпадку невыканання (або неналежнага выканання) інвестарам узятых на сябе абавязацельстваў Рэспубліка Беларусь у аднабаковым парадку можа адмовіцца ад выканання сваіх абавязацельстваў па заключаным інвестыцыйным дагаворы. Прапанаваныя нормы накіраваны на стымуляванне шырокамаштабнай інвестыцыйнай актыўнасці. Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем некаторых пунктаў, з'яўляецца часовым і падаецца на разгляд Нацыянальнага сходу. Дзеянне дэкрэта не распаўсюджваецца на інвестыцыйныя дагаворы, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага дакумента.-0-