Умовы жыцця ветэранаў правераць у Віцебскай вобласці
Умовы жыцця ветэранаў правераць у Віцебскай вобласці. Такое даручэнне даў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец падчас разгляду пытання аб выкананні ў рэгіёне Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Неабходна правесці комплекснае абследаванне ўмоў жыцця ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, акружыць іх увагай, аказаць матэрыяльную дапамогу, дапамагчы, дзе трэба", - сказаў Аляксандр Косінец, акцэнтаваўшы таксама ўвагу на неабходнасці закрыць у гэтым годзе пытанне з паляпшэннем іх жыллёвых умоў. Усяго ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзіцца прыкладна 7 асоб гэтай катэгорыі.
Па апошніх даных, у Віцебскай вобласці пражываюць 3,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На рэалізацыю праграмы "Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў" за мінулы год з абласнога бюджэту было асвоена Br3,9 млрд.