Паслугамі бібліятэк у Віцебскай вобласці карыстаецца 44% насельніцтва

21 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль 44% насельніцтва Віцебскай вобласці з'яўляюцца чытачамі публічных бібліятэк, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. У цяперашні час у вобласці працуюць 666 публічных бібліятэк, прычым 9 з іх былі адкрыты за перыяд з 2007 па 2009 гады. Яшчэ дзевяць бібліятэк перайшлі ў новыя тыпы ўстаноў: бібліятэкі-клубы і бібліятэкі-музеі. Жыхароў аддаленых вёсак абслугоўваюць шэсць бібліёбусаў. На думку Мікалая Пашынскага, змены ў арганізацыі бібліятэчнай справы, якія адбыліся ў апошнія гады, дазволілі не толькі пашырыць кола карыстальнікаў бібліятэк і павысіць даступнасць фондаў, але і істотна скараціць інфармацыйны разрыў паміж сельскімі і гарадскімі жыхарамі. За апошнія чатыры гады бібліятэчны фонд павялічыўся на 16,4 тыс. экзэмпляраў і склаў больш за 8,5 млн. Колькасць электронных дакументаў у фондах дасягнула 5,4 тыс. экзэмпляраў. Бібліятэкі папаўняюць свае фонды для інвалідаў па зроку: больш за 6,5 тыс. экзэмпляраў складае агучаная літаратура. Штогод у вобласці на камплектаванне бібліятэчных фондаў выдзяляецца не менш за 15% бюджэтных сродкаў ад бягучага ўтрымання бібліятэк. У 2009 годзе на гэтыя мэты было накіравана Br3,5 млрд., у 2010 годзе запланавана Br3,8 млрд. Як адзначыў Мікалай Пашынскі, бібліятэкі ўжо перастаюць быць толькі сховішчам кніг. Яны актыўна асвойваюць інтэрнэт-тэхналогіі, ствараюць электронныя чытальныя залы, прадастаўляюць сваім чытачам магчымасць выхаду ў Інтэрнэт і знаёмства з яго дапамогай з фондамі іншых бібліятэчных устаноў. Пры публічных бібліятэках вобласці адкрыты 11 мультымедыйных цэнтраў, якія забяспечваюць шырокі доступ карыстальнікаў да інфармацыйных і адукацыйных тэхналогій. Усе цэнтральныя гарадскія і раённыя бібліятэкі камп'ютарызаваны, у аграгарадках гэты паказчык дасягнуў амаль 80%. -0-