Праваслаўныя вернікі сёння пачынаюць Успенскі пост

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У праваслаўных вернікаў сёння пачынаецца Успенскі пост, які працягнецца па 27 жніўня. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім экзархаце, адметнай асаблівасцю гэтага самага кароткага з усіх шматдзённых пастоў царкоўнага календара з'яўляецца звычай асвячэння розных відаў ураджаю. Так, у першы дзень посту, калі царквой адзначаецца свята Праабражэння Гасподняга, прынята асвячаць мёд, арэхі і мак. Таму гэты дзень у народзе празваны Мядовым Спасам. А ўраджай садавіны асвячаецца на свята Праабражэння Гасподняга - 19 жніўня (адпаведна назва свята - Яблычны Спас). Гэтыя звычаі ўзніклі яшчэ ў дахрысціянскія часы, згодна са старажытным аграрным календаром, калі пачаткі ўраджаю прыносіліся ў ахвяру язычніцкім божаствам. Хрысціянская царква, змагаючыся з язычніцтвам, звязала святкаванне важных рэлігійных дат з асвячэннем ураджаю, каб адцягнуць народ ад пакланення духам прыроды. Двухтыднёвы Успенскі пост устаноўлены для аскетычнай падрыхтоўкі вернікаў да вялікіх святаў Праабражэння Гасподняга (19 жніўня) і Успення Багародзіцы (28 жніўня). Святы Сімяон Салунскі пісаў, што "пост у жніўні ўстаноўлены ў гонар Багародзіцы, якая пасцілася, молячыся за нас, калі мела намер перайсці ад зямнога жыцця да будучага". Паводле царкоўнага статута, Успенскі пост - строгі, у гэтыя дні прынята ўстрымлівацца ад мяснога, малочнага і рыбы (рыба дазваляецца толькі ў дзень Праабражэння). -0-