Устаноўка апарата "Космас-535" завяршыла мадэрнізацыю рэнтгенаўскага аддзялення Наваполацкай гарадской бальніцы
Мадэрнізацыя рэнтгенаўскага аддзялення хірургічнага корпуса Наваполацкай гарадской бальніцы завяршылася ўстаноўкай сучаснага лічбавага рэнтгеналагічнага апарата "Космас-535", паведамілі ў мясцовым райвыканкаме.
Усталяваны рэнтгенадыягнастычны комплекс на два працоўныя месцы аснашчаны высокачашчынным генератарам і праграмным мікрапрацэсарным кіраваннем, вырабленым у Беларусі. Канструктыўныя магчымасці апарата значна зніжаюць узровень прамянёвай нагрузкі і робяць яго простым у эксплуатацыі. Найбольш высокая эфектыўнасць гэтага абсталявання дасягаецца ў спалучэнні з аўтаматычнай праяўкі машынай, што дае магчымасць захавання выявы ў базе дадзеных і перадачы графічнай і тэкставай інфармацыі ў іншыя ўстановы па інфармацыйных сетках.
Кошт рэнтгеналагічнага апарата "Космас-535" - каля Br638,4 млн. Апарат атрыманы па цэнтралізаванай закупцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Усе будаўніча-мантажныя работы выкананы ў праектныя тэрміны і ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі па мадэрнізацыі рэнтгеналагічных кабінетаў. У адкрытым пасля мадэрнізацыі кабінеце ёсць працэдурная і пультовая, абсталяваны гардэроб і пакой адпачынку персаналу, санітарны вузел для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. "Гэта доўгачаканая падзея, паколькі стары рэнтгенапарат маральна і фізічна састарэў, а яго зона абслугоўвання была вельмі шырокай. У хірургічным корпусе вядзецца прыём пацыентаў з міжраённых траўматалагічнага і хірургічнага аддзяленняў і ўсіх тых, хто трапляе ў бальніцу з траўмамі ў начны час. Цяпер якасць іх абслугоўвання прыкметна палепшыцца", - падкрэслілі ва ўстанове аховы здароўя.
Кацярына Князева, БЕЛТА.