Ветэранскія арганізацыі плануюць завяршыць у гэтым годзе ўдакладненне воінскіх пахаванняў на Віцебшчыне

Абласны савет Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў са студзеня бягучага года ўзначальвае палкоўнік запасу Сяргей Альшэвіч (на фота). Некалькі папярэднікаў Сяргея Іосіфавіча на пасадзе старшыні савета таксама былі вайскоўцамі. У гэтым ёсць свая заканамернасць, бо авангард дадзенага грамадскага руху з самага яго пачатку складаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл, МУС, МНС, пракуратуры, юстыцыі, судоў – структур, дзе служаць людзі ў пагонах, і ўдзельнікі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

У вобласці пражываюць 277 216 пенсіянераў, 270 749 з якіх – ветэраны працы. Актыў руху – 5 гарадскіх, 21 раённая, 1 134 пярвіныя арганізацыі. У абласным савеце – 87 членаў. Пры ім працуюць пастаянныя грамадскія камісіі: ветэранаў вайны, ваеннай службы, працы і сацыяльнай абароны са старшынёй Яўгенам Емяльянавым, па пошуку і ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і патрыятычным выхаванні моладзі, дзе кіраўнік – старшыня аднайменнага каардынацыйнага савета пры аблвыканкаме, дырэктар Музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова Ірына Шышкова, арганізацыйна-метадычная камісія пад кіраўніцтвам Уладзіміра Цецоха і секцыі ветэранаў педагагічнай працы, якой камандуе былы франтавік Марыя Совіна.

– Якія перамены адбыліся ў ветэранскіх арганізацыях па выніках справаздачна-выбарных сходаў і канферэнцый гэтага года?

– У шэрагу іх абнавіўся склад кіраўнікоў. Усе годныя, паважаныя людзі. Праводзім выязныя семінары па абмене вопытам работы. У кожнай з арганізацый ёсць свае цікавыя традыцыі і планы з "разынкай". Найбольш актыўнай дзейнасцю вылучаюцца ветэранская пярвінка Віцебскага аддзялення БелЖД (старшыня Мікалай Есючэнка), УУС (Васіль Іванюшчанка), упраўлення МНС (Аркадзь Варахоў), з раённых – Полацкая (лаўрэат абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» Галіна Муравей), Аршанская (Зінаіда Хайчанка), Дубровенская (Раіса Стальчанка) і іншыя.

– Чым сёння заняты ветэраны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй?

 – На першым месцы – патрыятычнае выхаванне моладзі. У вобласці больш за 140 аб'яднанняў і 46 класаў гэтага профілю, дзе займаюцца звыш тысячы вучняў. Другое актуальнае напрамак – пошукавая праца па ўстанаўленні імёнаў невядомых байцоў, якія загінулі на тэрыторыі Віцебшчыны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дубровенскі пошукавік-рухавік Аляксей Гаўруцікаў удастоены за дасягненні ў гэтай сферы абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны». У бягучым годзе неабходна скончыць удакладненне воінскіх пахаванняў у вобласці. На гэта накіраваны намаганні раённых ветэранскіх арганізацый, супрацоўнікаў музея М. Шмырова, Віцебскага рэгіянальнага цэнтра гераічна-патрыятычнага выхавання моладзі «Пошук» на чале з лаўрэатам абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» Ларысай Бруевай. Цешыць, што архіў Мінабароны Расіі ў Подальску выкладвае на сайце «Мемориал» усё больш інфармацыі, якая спрыяе пошуку. А раённыя дакументальныя хронікі «Память» абнаўляюцца ў электронным варыянце.

У красавіку прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, удакладнены спісы жыхароў рэгіёну ліквідатараў. Да 9 Мая з прадстаўнікамі мясцовай улады і сацыяльных службаў наведалі звыш 1 800 удзельнікаў баявых дзеянняў, інвалідаў, былых вязняў фашызму, блакаднікаў Ленінграда, працаўнікоў тылу. Прадстаўнікі ўсіх раённых ветэранскіх арганізацый былі 3 ліпеня на адкрыцці пасля рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне. Як і на 57-й сустрэчы на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне. Добрыя кантакты наладжаны з ветэранскімі арганізацыямі з суседніх расійскіх рэгіёнаў.

Многія пенсіянеры захапляюцца мастацкай творчасцю. Папулярныя ў іх асяроддзі і экскурсіі. Да прыкладу, нядаўна члены першаснай ветэранскай арганізацыі аблвыканкама наведалі гістарычныя мясціны і шэраг прадпрыемстваў Талачынскага раёна.

 – Якія перспектывы і бліжэйшыя планы ў абласной ветэранскай арганізацыі?

 – Дзякуючы плённай дзейнасці на пасадзе старшыні абласнога савета ветэранаў Генадзя Герасімавіча, Генадзя Ягорава арганізацыя заўсёды была на вышыні. Будзем прымнажаць іх

напрацоўкі, развіваючы ветэранскі рух у святле патрабаванняў часу.

Што тычыцца найбліжэйшай перспектывы, наперадзе значная палітычная падзея – выбары ў парламент. 572 ветэраны сталі членамі выбарчых камісій, вялікая колькасць назіральнікаў з нашых шэрагаў. Рыхтуемся да правядзення Дня пажылых людзей. Шэраг супольных мерапрыемстваў прадугледжаны пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж абласным аб'яднаннем прафсаюзаў, абкамам БРСМ і абласным саветам ветэранаў. Самае галоўнае, што ў вырашэнні актуальных жыццёвых пытанняў насельніцтва, асабліва людзей пенсійнага ўзросту, ветэранская арганізацыя – апора дзейнай улады.

Галіна Шпакоўская. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».

Даведка “ВВ”

Сяргей Ольсевіч родам са знакамітай вёскі Парыж Пастаўскага раёна, унук двух загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны камандзіраў партызанскіх атрадаў. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе, у 317-м парашутна-дэсантным палку ў Віцебску, затым у ваенкаматах вобласці. Завяршыў службу на пасадзе начальніка напрамку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці.