Зацверджаны праект зон аховы для брацкай магілы ва Ушачах

Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці "Брацкая магіла, 1941-1944 гг., вул. Савецкая ў г.п. Ушачы Віцебскай вобласці". Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на пастанову №94 ад 23 снежня 2013 года, апублікаваную на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Брацкая магіла (1941-1944) па вуліцы Савецкай у гарадскім пасёлку Ушачы з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння. Праект заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання. Праектам устаноўлены ахоўная зона і зона аховы ландшафту.

Ахоўная зона (0,06 га) ахоплівае тэрыторыю, якая непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яна ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага і эстэтычнага захавання аб'екта спадчыны, стварэння ўмоў для яго спрыяльнага зрокавага успрымання. Тут забаронена будаўніцтва, аднак дазваляецца праводзіць рамонтна-аднаўленчыя работы, санітарную высечку зялёных насаджэнняў, добраўпарадкаваць тэрыторыю.

Зона аховы ландшафту (0,8 га) устаноўлена на тэрыторыі сквера для захавання прыроднага асяроддзя каля гістарычнага месца, забеспячэння гарманічнага адзінства паміж прылеглай забудовай і культурнай каштоўнасцю.

На гэтай тэрыторыі забараняецца новае капітальнае будаўніцтва, змяненне ландшафту. Дазволены добраўпарадкаванне і азеляненне, якое не скажае характар тэрыторыі, пракладка неабходных інжынерных камунікацый, санітарная высечка зялёных насаджэнняў.

Праект распрацаваны навукова-праектным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам "БелНДІПгорадабудаўніцтва" па замове Ушацкага райвыканкама. У яго аснове - гісторыка-архіўныя, бібліяграфічныя і натурныя даследаванні, аналіз горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.