УУС Віцебскага аблвыканкама і камісарыят Уцянскага павета Літвы разглядаюць магчымасць удзелу ў праекце ЕС
15 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. УУС Віцебскага аблвыканкама і Галоўны камісарыят паліцыі Уценскага павета Літоўскай Рэспублікі разглядаюць магчымасць удзелу ў праекце ЕС "Сумесныя дзеянні па забеспячэнні грамадскай бяспекі ў прыгранічных раёнах Літвы і Беларусі" праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія-Літва-Беларусь". Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найданёнак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэлегацыя камісарыята прыгранічнага павета знаходзілася ў вобласці з двухдзённым візітам, падчас якога і прапанавала беларускаму боку прыняць удзел у сумесным еўрапейскім праекце. Па словах Аляксандра Найданёнка, праект прадугледжвае абмен інфармацыяй, вопытам работы ў галіне арганізацыі аховы грамадскага парадку, арганізацыю стажыровак супрацоўнікаў праваахоўных органаў двух рэгіёнаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзелаў унутраных спраў. У выпадку, калі на ўдзел у гэтым праекце будзе атрымана згода МУС Беларусі, то ўжо ў жніўні бягучага года УУС і ўценскі камісарыят пачнуць работу над падрыхтоўкай праекта і прадставяць яго на разгляд Еўракамісіі.
Афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Літве Сяргей Гуд паведаміў, што Віцебская вобласць стала першай, якая атрымала прапанову ад літоўскага боку, аднак ужо ў бліжэйшы час аналагічныя праекты могуць быць прадстаўлены двума паветамі Літоўскай Рэспублікі на разгляд супрацоўнікаў праваахоўных органаў Гродзенскай вобласці. Неўзабаве ў насельніцтва прыгранічных раёнаў Беларусі і Літвы з'явіцца магчымасць бесперашкодна перасякаць дзяржаўную мяжу, бізнесмены дзвюх краін таксама праяўляюць цікавасць да развіцця адносін, таму для забеспячэння бяспекі людзей неабходна наладзіць больш цесныя кантакты праваахоўных органаў дзвюх краін. -0-