Узнагароды за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўручылі работнікам галіны культуры і творчым калектывам Віцебскай вобласці
Высока ацаніла дзейнасць работнікаў культуры Віцебшчыны начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Марына Юркевіч.
– Вы нясеце святло і дабро, гармонію ўсім людзям, хто жыве на беларускай зямлі, захоўваеце культурную спадчыну. Вам вялікая падзяка за адданасць прафесіі, – звярнулася да вінаватых ва ўрачыстасці Марына Браніславаўна. – На Віцебшчыне ў гэтай галіне працуюць самыя таленавітыя і крэатыўныя людзі, і мы ганарымся вынікамі іх работы. Асобная ўдзячнасць работнікам бібліятэчнай і музейнай галіны, выкладчыкам устаноў адукацыі, выпускнікі якіх паказваюць выдатныя вынікі, папулярызуючы беларускую культуру на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Вялікая падзяка работнікам абласнога ўпраўлення культуры за іх кампетэнтнасць.
Марына Юркевіч уручыла нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» рэжысёру народнага тэатра Талачынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлане Васільевай, якая за 45 гадоў кіравання калектывам паставіла больш за 70 спектакляў, шмат з якіх – на ваенную тэматыку. Грамату Міністэрства культуры Беларусі атрымала загадчык музея традыцыйнай культуры Браслаўскага раённага аб'яднання музея Элеанора Зінкевіч. Падзякамі міністра культуры ўзнагароджаны начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага і Лепельскага райвыканкамаў Пётр Алексяёнак і Алена Барадзейка адпаведна, дырэктар Расонскага раённага Цэнтра культуры Ларыса Власава, намеснік дырэктара Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў і кіраўнік народнага тэатра лялек «Капялюш» Полацкага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Андрэй Рэцікаў.
Лаўрэатаў вітаў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, які ўручыў прэміі аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.
У намінацыі «Найлепшы артыст філармоніі» прэмію аблвыканкама атрымала вакалістка Аляксандра Цыганкова-Давыдава. Як «Найлепшы артыст тэатра» адзначана вядучы майстар сцэны Беларускага тэатра «Лялька» Вольга Маханькова. Актрыса працуе ў тэатры больш за 30 гадоў, згуляла дзясяткі роляў.
– Атрымаць узнагароду – гэта, безумоўна, прыемна, – адзначыла Вольга Маханькова. – Але мы працуем не дзеля ўзнагарод. Найлепшая ўдзячнасць для артыста – гэта любоў гледача, эмацыйная рэакцыя дзяцей, іх запалівыя вочы.
Прэміі таксама атрымалі выдатныя бібліятэчныя, музейныя работнікі, майстры традыцыйных рамёстваў, педагогі. За педагагічныя дасягненні ўзнагароджана настаўніца Наваполацкай дзіцячай мастацкай школы імя І. Хруцкага Ірына Башун і настаўніца Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Бялусь. Найлепшым музейным работнікам стала навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Аксана Журава, найлепшым клубным работнікам – мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры Наваполацка Святлана Трубіна. Сярод лаўрэатаў – кіраўнік народнага клуба традыцыйнай кухні, гульні і фальклору «Стайскія прысмакі» Стайскага сельскага ДК Лепельскага раёна Вольга Шкіранда, майстар Дубровенскага раённага Дома рамёстваў Алена Капытоўская і майстар Расонскага раённага Дома рамёстваў Яўген Салаўёў.
Найлепшым бібліятэчным работнікам прызнана загадчыца аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова. Як найлепшы арганізатар платных паслуг насельніцтву адзначаны загадчык Відзаўскім гарпасялковым Домам культуры Браслаўскага раёна Ганна Павініч і намеснік дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Станіслаў Пазюк.
Сярод узнагароджаных – выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага, супрацоўнікі абласной філармоніі.
Ганаровымі гасцямі свята сталі ветэраны Мікалай Пашынскі, Ірына Козіна, Ніна Сулецкая, якія аддалі шмат сіл і ведаў для развіцця культурных традыцый Прыдзвінскага краю.









