Даведацца пра подзвіг продка можна на выставе ў рамках «Марафону адзінства» у Віцебску
Стваральнікі экспазіцыі – Выдавецкі дом «Беларусь сёння» і Нацыянальны архіў краіны.
Як расказала начальнік аддзела развіцця Выдавецкага дома «Беларусь сёння» Алена Ходыка, выстава заснавана на матэрыялах унікальнага інтэрнэт-праекта «Партызаны Беларусі». У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, апісанне баёў і сутычак, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі як вядомых комбрыгаў, Герояў Савецкага Саюза, так і шараговых байцоў партызанскіх атрадаў, у тым ліку ўраджэнцаў Віцебшчыны.
– На інтэрактыўным стэндзе можна знайсці звесткі пра свайго гераічнага продка, які ў гады вайны змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе, а таксама спампаваць яго ўзнагародныя лісты, – патлумачыла Алена.
Гэтай магчымасцю скарысталася супрацоўніца музея Кацярына Бакунова, якая знайшла дакументы, што расказваюць пра баявы шлях свекра – Пятра Бакунова, які ваяваў у брыгадзе Канстанціна Заслонава.
– Мы раней не ведалі, якія ён здзейсніў подзвігі, за што ўзнагароджаны, спампавалі ўзнагародныя лісты. Цяпер яны будуць захоўвацца ў сям'і, – расказала сваячка героя.
А навучэнка сярэдняй школы № 10 Вольга Южова вырашыла даведацца пра гераічны шлях свайго прадзеда.
У базу даных інтэрнэт-партала загружана каля 200 тысяч ацыфраваных картак партызан, са зместам якіх можа азнаёміцца кожны ахвотны. У цэлым, за час яго працы гэтай магчымасцю скарысталіся больш за 350 тысяч карыстальнікаў.
Выстава выклікала цікавасць перш за ўсё ў моладзі, для якой правёў экскурсіі вядучы архіварыус Нацыянальнага архіва, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віталь Гарматны.