У аграгарадок Дразды Бешанковіцкага раёна праведзены прыродны газ

В агрогородок Дрозды Бешенковичского района проведён природный газ
— Дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», якая рэалізуецца ў краіне, прадугледжвае будаўніцтва падводзячых газаправодаў да аграгарадкоў і вёсак, — сказаў заслужаны энергетык Беларусі, генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Пётр Шэршань. — Наша прадпрыемства — адзін з лідараў у гэтай рабоце. За 20 гадоў пабудавана амаль 6 тыс. км газаправодаў, на блакітнае паліва пераведзена звыш 200 тыс. кватэр у больш чым 350 населеных пунктах. Сёлета шмат зроблена ў Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім, Полацкім, Віцебскім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім і Шаркаўшчынскім раёнах.

У прыватнасці, каб падаць новы від паліва ў Дразды, газавікі ўзвялі 3 км сетак. На яго пераведзены 12 кватэр у трох жылых дамах, раней запітаных ад рэзервуарнай устаноўкі звадкаванага газу. Такая ж магчымасць ёсць у мясцовых аб'ектаў аграпрамысловага комплексу.

У цырымоніі ўрачыстага пуску прыроднага газу ўдзельнічала кіраўніцтва Віцебшчыны.

— Газіфікацыя Драздоў — адно з маштабных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў вобласці, каб зрабіць жыццё на вёсцы больш камфортным. Яна будзе спрыяць вяртанню на малую радзіму моладзі пасля вучобы, з'яўленню новых вытворчасцей і працоўных месцаў, добраўпарадкаванню. Таму нам трэба фарсіраваць работу ў гэтым напрамку, — сказаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў.

— На адным з прыёмаў грамадзян каля паўгода таму да мяне звярнуліся мясцовыя жыхары з просьбай аб газаправодзе. Кіраўнік газавай гаспадаркі Віцебшчыны пайшоў насустрач, а спецыялісты хутка і якасна выканалі пастаўленую задачу. Усім датычным вялікі дзякуй, — адзначыў памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

— Мясцовыя жыхары доўга чакалі магчымасці карыстацца прыродным газам. Радуе, што апошнім часам па падобных нагодах мы сустракаемся з людзьмі ўсё часцей, — падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года №368 на будаўніцтва вулічных размеркавальных газаправодаў для спажывецкіх кааператываў па газіфікацыі прадугледжана падтрымка дзяржавы на суму да 70% ад кошту работ. Таксама грамадзяне могуць скарыстацца льготнымі крэдытамі, якія выдаюцца «Беларусбанкам» на тэрмін да 2 гадоў пад 3% гадавых.

"Віцебскія весці".