У Бабініцкай сярэдняй школе Віцебскага раёна ўшанавалі памяць двух выпускнікоў — Герояў Савецкага Саюза

Напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Бабініцкай сярэдняй школе прысвоілі імя лётчыка-знішчальніка Ягора Васілеўскага. Яму, а таксама яшчэ аднаму выпускніку навучальнай установы, герою-партызану Уладзіміру Курыленку, на будынку школы ў прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхароў аграгарадка, членаў ветэранскіх і грамадскіх арганізацый адкрылі мемарыяльныя дошкі.


Ягор Васілеўскі нарадзіўся ў вёсцы Гарбачова Віцебскага раёна. Сёння гэтага населенага пункта не існуе. У 1939-м, пасля заканчэння сямі класаў Бабініцкай школы, яго прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў Адэскую ваенна-авіяцыйную школу. Да 1942-га ён быў лётчыкам-інструктарам. Затым трапіў на фронт, вызваляў Украіну, Румынію, Венгрыю, Аўстрыю. У лістападзе 1944-га капітан Васілеўскі камандаваў эскадрылляй 151-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка 2-га Украінскага фронту. Ён здзейсніў 262 баявыя вылеты, удзельнічаў у 68 паветраных баях, збіў 25 самалётаў. У маі 1946-га за «узорнае выкананне заданняў камандавання, праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецкімі захопнікамі» Ягор Васільевіч быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.


Уладзімір Курыленка нарадзіўся ў Бабінічах. Хадзіў у мясцовую школу. Яго бацьку, сельскага настаўніка, яшчэ да вайны перавялі працаваць у Смаленскую вобласць. Валодзя, які скончыў у 1941-м 9-годку ў Вяліжы, адправіў дакументы ў Ленінградскае ваенна-марское вучылішча, але мару пра мора разбурыла ўварванне фашысцкіх полчышчаў… З-за юнага ўзросту ў Чырвоную Армію Курыленку не прызвалі. Аднак разам з іншымі камсамольцамі на акупаванай тэрыторыі ён арганізаваў падпольную групу, якая збірала зброю і боепрыпасы. У студзені 1942-га хлапец уліўся ў шэрагі партызанскага атрада імя марака Жалезняка. Там ён кіраваў групай падрыўнікоў. У маі таго ж года Курыленка з таварышамі накіраваўся да вёскі Саленікі, каб пусціць пад адхон варожы эшалон. Зарад грымнуў так, што было разбіта 11 вагонаў і паравоз, загінула 300 нямецкіх салдат і афіцэраў. Але нечакана наляцелі карнікі. Курыленка, якому ішоў 18-ы год, ад ран, атрыманых у тым баі, сканаў. Цела маладога партызана, якому за мужнасць, гераізм і адвагу пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, перапахавалі ў Смаленску на алеі Герояў. На радзіме, па словах дырэктара Бабініцкай сярэдняй школы Таццяны Камароўскай, захоўваюць памяць пра гераічных выпускнікоў:


— Пошукавая праца ў нас у школе вядзецца даўно. У школьным краязнаўчым музеі героям-землякам прысвечаны стэнды. Хлопцы і настаўнікі загарэліся ідэяй як мага больш даведацца пра гэтых выдатных людзей, якія змагаліся за свабоду нашай радзімы. Мы ведаем, што Васілеўскі ў 1958 годзе ў званні палкоўніка звольніўся ў запас з Савецкай Арміі і жыў у Віцебску. Яго не стала ў 1991-м. Яго сын, які жыве цяпер у Мінску, даў дазвол на прысваенне імя школе. З сваякамі Курыленкі да гэтага часу не было сувязі, але высветлілася, што мая аднакласніца, віцяблянка — яго пляменніца. Нашы юныя аматары гісторыі абавязкова звяжуцца з ёй, каб сабраць інфармацыю пра героя-партызана, які загінуў на Смаленшчыне.

 


Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі яе ўдзельнікі і госці накіраваліся да воінскіх пахаванняў, каб ушанаваць памяць чырвонаармейцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай пры вызваленні аграгарадка.