У банку аграрных вакансій і жылля ёсць працоўныя месцы ў арганізацыях Беларусі з аплатай Br1 млн.
15 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У рэспубліканскім банку даных аб наяўнасці вакансій і вольнага жылля ў гаспадарках Беларусі ў цяперашні час налічваецца 2,2 тыс. вольных працоўных месцаў. Заяўкі паступілі ад 352 арганізацый, гатовых прыняць на працу перасяленцаў і забяспечыць іх жыллём розных спажывецкіх якасцей. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Усава.
Найбольшую зацікаўленасць у кадрах традыцыйна праяўляюць наймальнікі Мінскай вобласці - у банку даных налічваецца 674 вакансіі ад 95 наймальнікаў гэтага рэгіёна. Дарэчы, менавіта на Міншчыне больш за ўсё высокааплатных аграрных вакансій.
У прыватнасці, філіял "Вялікая Раеўка" ААТ "Крыніца" (Капыльскі раён) гатова прыняць на працу галоўнага заатэхніка і галоўнага ветурача - прапануе кандыдатам на гэтыя пасады зарплату ў Br1 млн. і пражыванне ў доме сядзібнага тыпу. МОУП "Дактаровічы" (Капыльскі раён) патрабуецца галоўны інжынер, якому абяцаюць кватэру і зарплату ў Br1 млн. СПФ "Аграбуд" ААТ "Мінскжалезабетон" (Чэрвеньскі раён) патрабуецца галоўны энергетык, прапануюць зарплату ў Br1 млн. і дом для пражывання. СПК "Вішневецкі" (Стаўбцоўскі раён) патрэбны трактарысты і даяркі - па 5 вакансій з аплатай працы ў Br1 млн., выдзяляецца інтэрнат.
У Віцебскай і Гомельскай абласцях таксама гатовы прадаставіць спецыялістам жыллё і аплату працы ў Br1 млн. Напрыклад, СПК "Залатая падкова" (Глыбоцкі раён) патрабуецца галоўны бухгалтар, СПК "Сынкавічы" (Зэльвенскі раён) - галоўны ветурач, ЧУП "Новы двор-Агра" (Свіслацкі раён) - намеснік дырэктара.
"У цэлым па рэспубліцы ўзрасла патрэбнасць наймальнікаў у трактарыстах, механізатарах, - сказала суразмоўніца. - З'явіліся вакансіі пастухоў. Гэта абумоўлена сезоннасцю".
Большасць вакансій у банку даных - ад аграпрамысловых арганізацый, але ёсць і заяўкі на ўрачоў. Так, Кармянскай цэнтральнай раённай бальніцы (Гомельская вобласць) патрабуюцца 5 урачоў (зарплата Br777 тыс.), Чачэрскай - 6 урачоў (Br800 тыс.), спецыялістаў абяцаюць забяспечыць кватэрамі.
Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2009-2010 гады ў бягучым годзе прадугледжана перасяліць 315 сем'яў беспрацоўных (з іх згоды) з выплатай грашовай падтрымкі і кампенсацыяй выдаткаў на пераезд. На рэалізацыю гэтай даволі эфектыўнай меры забеспячэння кадрамі працанедастатковых раёнаў выдзяляецца Br712,2 млн. За студзень-красавік гэтага года перасялілася ўжо 171 сям'я беспрацоўных (у 2008 годзе - 346 сем'яў, у 2007-м - 332, у 2006-м - 380, у 2005-м - 318). -0-