У Барані Аршанскага раёна пасля рэканструкцыі адкрылі аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі

В Барани Оршанского района после реконструкции открыли отделение анестезиологии и реанимации
Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі пасля рамонту і рэканструкцыі адкрылі ў гарадской бальніцы № 2 Барані Аршанскага раёна.


Абноўленае высокатэхналагічнае аддзяленне разлічана на 6 ложкаў тэрапеўтычнага профілю, адно з якіх – баксіраванае інфекцыйнае. Рэанімацыя абсталявана пяццю апаратамі ШВЛ, шпрыцавымі дозатарамі, тэрмафенамі, супрацьпралежневымі матрацамі. У складзе падраздзялення – 19 медыцынскіх работнікаў. На рамонт рэанімацыйнага аддзялення зрасходавана 240 тыс. рублёў з раённага бюджэту.

– Абнаўленне аддзялення – добры падарунак для жыхароў Аршаншчыны, у прыватнасці Барані. Рэанімацыя – гэта аддзяленне, куды людзі паступаюць у вельмі цяжкім стане. Цяпер няма неабходнасці везці такіх пацыентаў у Оршу. Тут створаны ўсе ўмовы для кругласутачнага маніторынгу стану хворых, бо медыцынскі персанал тут працуе 24/7. Чаго яшчэ раз мы пераконваемся, якую каласальную ўвагу з боку дзяржавы надаюць ахове здароўя, – адзначыў падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.

Загадчык Аршанскай гарадской бальніцы № 2 Сяргей Вашчылаў расказаў, што рашэнне аб рамонце аддзялення было прынята раённым Саветам дэпутатаў. Работы, пачатыя ў лістападзе мінулага года, выканалі за два месяцы.

– Плошча аддзялення павялічана на 30 %, – канстатаваў ён. – Зрабілі перапланіроўку за кошт іншых памяшканняў. Былі заменены цалкам усе камунікацыі, укладзена плітка, выканана аздабленне столяў і сцен, уваходнай групы. Дадаліся пакой адпачынку і прыёму ежы для персаналу, бытавы. Палаты сталі значна прасторнейшымі, з'явілася новая мэбля. Хутка будуць заменены і ложкі. Мы рады, што нашы пацыенты змогуць атрымліваць больш якасную і аператыўную дапамогу, а медыцынская каманда зможа працаваць у лепшых умовах на сучасным абсталяванні.

Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз падкрэсліў, што значныя інвестыцыі ў інфраструктуру бальніцы адлюстроўваюць зацікаўленасць дзяржавы ў забеспячэнні медыцынскімі паслугамі самай высокай якасці.

– Часта сустракаюся з людзьмі ў працоўных калектывах, і шмат паступае пытанняў па ахове здароўя, – сказаў кіраўнік раёна. – У асноўным гэта датычыцца якасці мед-абслугоўвання, наяўнасці ўрачоў. І мы сёння робім усё, каб такіх пытанняў было менш, – ствараем умовы, прыцягваем у раён маладых спецыялістаў. Адрэмантаванае і аснашчанае па апошнім слове тэхнікі аддзяленне ў Барані – яшчэ адзін крок насустрач людзям.

"Віцебскія весці"