У Беларусі будзе яшчэ раз значна скарочаны дзяржапарат

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне можна яшчэ ўдвая скараціць дзяржапарат і значна падняць выканаўчую дысцыпліну. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У бліжэйшы час мы яшчэ раз падыдзем да значнага скарачэння дзяржаўных служачых. Не таму, што яны дрэнныя, а таму, што нам трэба падымаць выканаўчую дысцыпліну", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У нас так часта бывае: кіраўнік прыняў рашэнне, а потым дзесяць яго падначаленых чыноўнікаў едуць кантраляваць выкананне і пішуць даведкі начальніку, як выконваецца. Нягодная практыка! Трэба падняць выканаўчую дысцыпліну на такі ўзровень, каб ніхто не ездзіў, і, калі і кантраляваў, то толькі патэлефанаваў і спытаў: ты гэта зрабіў ці не. Не зрабіў - да пабачэння. Такім чынам мы можам яшчэ ўдвая скараціць дзярж-апарат, падняўшы выканаўчую дысцыпліну і прыбраўшы з дзяржаўнага апарату тыя функцыі, якія яму не ўласцівыя і якія проста шкодныя".

Прэзідэнт адзначыў, што гэты варыянт спрабуюць прапрацаваць на Мінскім аблвыканкаме, прычым не даводзячы заданні зверху, а чакаючы варыянты з выканкама.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння ў дзяржслужачых мізэрная зарплата. "Але я не магу павысіць заработную плату дзяржаўным служачым, калі мы насустрач не зробім руху, руху толькі ў скарачэнні дзяржаўнага апарату", - сказаў Прэзідэнт.

"Трэба статус, узровень дзяржаўных служачых падняць невымерна, каб гэта сапраўды быў дзяржаўны служачы, каб гэта быў чыноўнік, які прымае рашэнні, і ўсе становяцца ў радак, шарэнгу, выконваючы, спаўняючы гэтыя рашэнні. Усе астатнія зэканомленыя грошы плюс яшчэ дадамо - гэта будзе прыстойная зарплата ў дзяржслужачых, і мы вырашым гэту праблему", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што скарочаныя чыноўнікі павінны быць задзейнічаны ў эканоміцы, у тым ліку на кіруючых пасадах.

"Найбольшая небяспека хаваецца ў нас у эканоміцы. Калі ў нас ёсць нейкія небяспекі, то толькі ў эканоміцы. Калі ў нас будуць працаваць прадпрыемствы, і мы будзем атрымліваць такія ўраджаі, як сёлета, і будзем маналітна працаваць, як працуем, нам нічога не страшна. Ніхто да нас не прыйдзе з танкамі, не захопіць, не заб'е, не сакрушыць, не падпарадкуе. Мы выстаім любую буру. Толькі ўсё ад нас залежыць. Але пры адной умове, пра якую я таксама часта кажу: недапушчальныя правапарушэнні з боку дзяржаўных служачых, каб былі абсалютна па-за падазрэннямі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час будзе апублікаваны праект закона па барацьбе з карупцыяй, і кіраўнік дзяржавы чакае па ім прапаноў. Акрамя таго, плануецца яшчэ раз вярнуцца да дэкрэта аб узмацненні адказнасці кіруючых работнікаў, і такім чынам нарматыўна, па словах Прэзідэнта, будзе пастаўлена кропка на практыцы перасаджвання з крэсла ў крэсла. "Прыйшоў, адпрацаваў сумленна і добрасумленна - атрымай усё, што ты заслужыў. Вінаваты - ну што ж, не працуеш, дрэнна працуеш - ідзі працуй па спецыяльнасці, але кіраўніком больш не будзеш і нікуды цябе ніхто не прыбудуе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Вось калі мы кадры прывядзём у пачуццё, аптымізуем наш дзяржаўны апарат, нам народ ніколі не скажа, што мы шмат зарабляем грошай", - заключыў Аляксандр Лукашэнка.